З 16 па 20 лютага 2026 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
На працягу тыдня пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў. Гэта – лекцыі, семінары, круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі, творчыя сустрэчы і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.
Так, 16 лютага ў 10.00 адбудзецца творчая сустрэча маладых навукоўцаў НАН Беларусі з пісьменнікам, журналістам, тэлевядучым, радыёвядучым, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Навумам Гальпяровічам «Я захаваць гатовы кожны гук Адзінай для мяне спрадвечнай мовы» (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 10-ы паверх, каб. 1003). У ходзе сустрэчы будзе абмеркавана шырокае кола праблем, звязаных з мовай мастацкай літаратуры, жыццёвым крэда пісьменніка, сучасным літаратурным працэсам. У 12.00 пачнецца творчая сустрэча галоўнага рэдактара газеты «Навука» С. У. Дубовіка з навуковымі супрацоўнікамі аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, студэнтамі ВНУ краіны на тэму «Штучны інтэлект: ці можна з ім размаўляць на роднай мове?» (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). Навукова-практычны семінар для настаўнікаў беларускай мовы Маскоўскага раёна г. Мінска, накіраваны на знаёмства настаўнікаў з дасягненнямі акадэмічнага мовазнаўства і іх практычнае выкарыстанне ў школьнай адукацыі, пачне работу ў 15.00 (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302).
17 лютага ў 9.30 пачнецца сустрэча супрацоўнікаў сектара камп'ютарнай лінгвістыкі з маладымі вучонымі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і выкладчыкамі ВНУ краіны (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). Падчас сустрэчы маладыя навукоўцы пазнаёмяцца з распрацоўкамі сектара і адкрыюць для сябе новыя магчымасці выкарыстання камп'ютарных тэхналогій у гуманітарных навуковых даследаваннях. У 11.00 супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і выкладчыкі мовазнаўчых кафедр ВНУ Беларусі сустрэнуцца ў рамках мерапрыемства «Повязь мовазнаўчай навукі і адукацыі» (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). У ходзе сустрэчы будуць абмеркаваны напрамкі супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і мовазнаўчых кафедр ВНУ краіны, перададзены для выкарыстання ў адукацыйным працэсе асобнікі фундаментальнай лінгвагеаграфічнай працы «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Круглы стол «Славістыка. Этналінгвістыка. Этымалогія», мэта якога – папулярызацыя навукі і атрыманне прафесійна-арыентацыйнага вопыту, пачне работу ў 14.00 (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). Сустрэча з навучэнцамі 10-11 класаў ДУА «Сярэдняя школа № 26 г. Мінска імя З. Р. Калабанава», накіраваная на абмеркаванне этапаў фарміравання беларускай мовы і яе сучаснага стану ў беларускім грамадстве, пачнецца ў 15.00 (ДУА «Сярэдняя школа № 26 г. Мінска імя З. Р. Калабанава», вул. Льва Сапегі, д. 15).
18 лютага ў 10.00 адбудзецца гульня-віктарына «Беларускі каляндар», падчас якой дзеці ў гульнявой форме даведаюцца аб паходжанні назваў месяцаў у беларускай мове, аб святах і асаблівасцях баўлення часу ў кожную пару года (ДУА «Дзіцячы сад № 366 г. Мінска», вул. Сурганава, д. 55). У 11.00 будзе праведзены круглы стол з удзелам навукоўцаў і практыкаў-перакладчыкаў, накіраваны на абмеркаванне кола праблем у галіне перакладазнаўства (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). У 13.00 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, аўд. 302) адбудзецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых прац «Васількоў шапатліваю моваю…».
19 лютага ў 11.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа (г. Мінск, вул. Сурганава, д. 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, аўд. 110) пройдзе рэспубліканскі семінар на тэму «Слова, кніга, навука: прастора прафесійнага дыялогу», прысвечаны абмеркаванню ролі бібліятэк як найважнейшай прасторы захавання, вывучэння і папулярызацыі моўнай спадчыны. Наступным мерапрыемствам у 14.00 будзе сустрэча са студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ і лінгвістычны квіз «Мовазнаўцы» (Інстытут гісторыі НАН Беларусі, вул. Акадэмічная, д. 1, 2-гі паверх, зала пасяджэнняў). У 15.00 пройдзе яшчэ адзін мовазнаўчы квіз – «Слова да слова – будзе мова» з удзелам вучняў ДУА «Гімназія № 22 г. Мінска», студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). Прэзентацыя альбомаў серыі «Фальклорныя скарбы беларусаў» у суправаджэнні выступленняў фальклорных калектываў і выставы выцінанкі пачнецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў 15.00 (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, г. Мінск, вул. Сурганава, д. 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, аўд. 110).
20 лютага ў 12.00 навукоўцы-дыялектолагі правядуць лекцыю для навучэнцаў старэйшых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 178 г. Мінска» на тэму «Лексічныя багацці жывой беларускай мовы: навуковыя крыніцы па іх вывучэнні», якая будзе накіравана на знаёмства з выданнямі ў галіне беларускай нацыянальнай мовы, прысвечаным апісанню багаццяў беларускіх народных гаворак, такімі як слоўнікі, лінгвагеаграфічныя атласы і хрэстаматыі па дыялекталогіі, і іх папулярызацыю (ДУА «Сярэдняя школа № 178 г. Мінска», вул. Усходняя, д. 68). У гэты ж дзень з 13.00 па 14.15 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН (вул. Сурганава, д. 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, аўд. 110) будзе праходзіць Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і Года жанчыны. Дыктоўка будзе трансліравацца таксама па канале «Культура» Беларускага радыё. У 14.00 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, аўд. 302) пройдзе творчая сустрэча навукоўцаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа са школьнікамі ДУА «Сярэдняя школа № 140 г. Мінска», ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Жодзіна» і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Матуля і мова – з калыскі адное». У 15.00 навучэнцаў ДУА «Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска» чакае інтэрактыўная лекцыя «Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак куток і аснова» (ДУА «Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска», пр. Незалежнасці, д. 45).
21 лютага ў 9.00 ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь адбудзецца лекцыя «Наша мова – наша спадчына: з гісторыі роднай мовы» з лінгвістычнай віктарынай. Падчас мерапрыемства курсанты асвяжаць свае веды аб мінулым роднай мовы, даведаюцца аб станаўленні яе лексічнага фонду, пазнаёмяцца з помнікамі пісьменства, а таксама з біяграфіямі людзей, якія спрыялі развіццю беларускай мовы (Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Машынабудаўнікоў, д. 25, корп. 1).
23 лютага на базе Шумілінскага раёна пройдзе раённая канферэнцыя даследчых прац навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Родны край у люстэрку навукі», у рамках якой будзе працаваць секцыя па мовазнаўстве. У якасці эксперта навукова-даследчых прац па мовазнаўстве выступае дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў (г. п. Шуміліна, вул. Кароткіна, д. 10).
24 лютага ў 11.00 адбудзецца прэзентацыя выданняў пастаўчан і пра Пастаўшчыну, арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. I. Леніна (г. Паставы, пл. Леніна, д. 25). У 14.00 у Брацтве ў гонар святога апостала Іаана Багаслова Мінскай епархіі БПЦ супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа правядуць інтэрактыўную гульню «Логас», якая пазнаёміць з асноўнымі персанажамі, гісторыямі і каштоўнасцямі Святога Пісання (Брацтва ў гонар святога апостала Іаана Багаслова Мінскай епархіі БПЦ, г. Мінск, вул. Кірылы і Мяфодзія, д. 5).
Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Яго галоўная мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) традыцыйна праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, сярод якіх вялікая колькасць мерапрыемстваў, прысвечаных праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі – вядучая навуковая ўстанова краіны, якая займаецца забеспячэннем паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Інстытут забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства.