Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.02.2026

У НАН Беларусі прайшоў круглы стол «Жаночы шлях у навуку: ад першых крокаў да вялікіх адкрыццяў»

У Прэзідыуме НАН Беларусі прайшоў круглы стол «Жаночы шлях у навуку: ад першых крокаў да вялікіх адкрыццяў», прысвечаны Міжнароднаму дню дзяўчынак і жанчын у навуцы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковых арганізацый, падпарадкаваных Акадэміі навук, сістэмы Міністэрства аховы здароўя, РУП «Белтэхагляд», дырэктар сярэдняй школы № 196 імя В. К. Нікіфарава, ГА «БСЖ» Першамайскага раёна г. Мінска, а таксама педагагічныя работнікі і навучэнцы.

У рамках круглага стала ўдзельнікі мерапрыемства абмеркавалі фарміраванне і падтрымку навуковай кар'еры жанчын, пачынаючы з дашкольнай адукацыі. У цэнтры ўвагі – дыялог паміж пакаленнямі і аналіз жыццёвага цыкла станаўлення жанчын-вучоных, у тым ліку выдатных прадстаўніц навуковай сферы Беларусі.

Як паведаміла начальнік упраўлення навукова-арганізацыйнай і прававой работы апарата, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі Юлія Качурка, у сучасным свеце роля жанчын пастаянна ўзрастае: яны актыўна ўдзельнічаюць і праяўляюць сябе ў самых розных сферах – ад культуры і эканомікі да адукацыі і навуковых праектаў. Яна таксама адзначыла, што сярод даследчыкаў Акадэміі навук ва ўзросце да 35 гадоў жанчыны складаюць больш за 50 %. Юлія Качурка таксама распавяла, што НАН Беларусі выступіць адным з арганізатараў першага форуму жанчын-навукоўцаў, які пройдзе ў нашай краіне ў чэрвені гэтага года. Яго ўдзельнікамі стануць жанчыны-навукоўцы з самых розных сфер – адукацыі, медыцыны, прамысловасці, IT-сферы і г. д.

Завяршыўся круглы стол на ўрачыстай ноце – з віншавальнымі вершамі аб навуцы выступілі выхаванцы дзіцячага сада № 434.