Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.05.2026

Дэлегацыя Акадэміі навук усклала кветкі да абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы

Напярэдадні 81-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прадстаўнікі апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Уладзімірам Каранiкам усклалі кветкі да абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы і ўшанавалі памяць загінулых воінаў і мірных жыхароў.

Урачыстая цырымонія, працятая атмасферай смутку і гонару, сабрала ля падножжа манумента таксама прадстаўнікоў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, якія загадзя прыбылі для ўдзелу ў значнай для ўсіх акцыі.

Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Каранік падкрэсліў, што 9 мая – адно з галоўных святаў у нашай краіне, якое мае вечную каштоўнасць для людзей усіх пакаленняў. «Гэта свята, якое вельмі шмат значыць для нас усіх. Вялікая Айчынная вайна прынесла гора і пакуты літаральна ў кожную сям'ю і кожны дом – мы панеслі велізарныя людскія страты. Гэты боль не сціхае да гэтага часу, нагадваючы нам усім аб высокай цане мiру», – сказаў ён.

Пасля завяршэння цырымоніі ўскладання кветак прадстаўнікі Акадэміі навук наведалі з агляднай экскурсіяй Ваенную акадэмію, дзе азнаёміліся з жыццём, матэрыяльна-тэхнічнай базай і сучасным навучаннем курсантаў. У ходзе экскурсіі Уладзімір Каранік абмеркаваў з кіраўніцтвам і прафесарска-выкладчыцкім складам перспектывы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў рамках навукова-тэхнічных праграм.