Аляксей Труханаў сустрэўся з прадстаўнікамі кітайскіх кампаній
Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксей Труханаў правёў сёння рабочую сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Сіньцзянскай асацыяцыі прадпрымальнікаў ЕМВА Лі Цiнвэй і рэгіянальным менеджарам Jiangsu Muhang International Information Technology Чэнь Цяньцю, на якой абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж арганізацыямі Акадэміі навук і кітайскімі кампаніямі.
«Узаемадзеянне з кітайскімі кампаніямі і арганізацыямі – адзін з ключавых і змястоўных напрамкаў нашага міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, якое абапіраецца не толькі на агульную цікавасць да інавацый і высокатэхналагічных распрацовак, але і рэальныя патрэбнасці Беларусі і Кітая», – сказаў Аляксей Труханаў. Ён таксама падкрэсліў, што такое ўзаемадзеянне, заснаванае на ўмовах «усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства», з'яўляецца важным інструментам устойлівага развіцця беларускага і кітайскага народаў.
«Нам ёсць што прапанаваць кітайскім партнёрам: мы маем сур'ёзныя напрацоўкі і дасягненні ў фундаментальнай і прыкладной навуцы, у тым ліку ў сферы матэрыялазнаўства, біятэхналогій, машынабудавання, хіміі і ІКТ, таму абмеркаванне перспектыўных напрамкаў сумеснай працы патрабуе выразнага плана і разумення механізмаў нашага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння», – падвёў вынікі сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх кампаній Аляксей Труханаў.