Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.05.2026

Акадэмія навук і індыйская Chokhani Pharma абмеркавалі перспектывы стварэння новых фармпрэпаратаў

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік абмеркаваў сёння ў Мінску з кіраўніком кампаніі «Chokhani Pharma» Лалітам Чокані перспектыўныя напрамкі развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне стварэння новых фармацэўтычных прэпаратаў. Асаблівая ўвага на сустрэчы была ўдзелена патэнцыялу прыцягнення вядучых індыйскіх фармацэўтычных кампаній, такіх як «Cipla Limited», «LEVA», «RAKS», «Inventia», кансалідацыі агульных намаганняў і абмену вопытам з прадпрыемствам «Акадэмфарм».

«Супрацоўніцтва з гэтымі кампаніямі, якія валодаюць значным вопытам і вытворчымі магутнасцямі, – стратэгічна вывераны для нас крок, здольны істотна павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай фармацэўтыкі», – сказаў Уладзімір Каранік. Беларуска-індыйскае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы адкрывае новыя гарызонты для акадэмічнай навукі і фармацэўтычнай індустрыі ў цэлым.

«Акцэнт робіцца на лекавых прэпаратах і субстанцыях, якія маглі б задаволіць як унутраныя патрэбы даступнымі і якаснымі лекамі, так і выйсці на экспартныя рынкі, спрыяючы забеспячэнню тэхналагічнага суверэнітэту і ўмацаванню эканамічнага патэнцыялу краіны», – заявіў кіраўнік Акадэміі навук.

У сваю чаргу, Лаліт Чокані адзначыў высокі навуковы патэнцыял беларускіх навукоўцаў і імкненне акадэмічнага прадпрыемства «Акадэмфарм» да ўкаранення перадавых распрацовак. Ён таксама выказаў гатоўнасць аказваць садзейнічанне ў прасоўванні сумесных ініцыятыў і рэалізацыі двухбаковых праектаў.

Нагадаем, што НАН Беларусі завяршае другі інвестыцыйны праект па пашырэнні вытворчых магутнасцяў прадпрыемства «Акадэмфарм», у тым ліку па поўным цыкле – ад правядзення даследаванняў і распрацовак да выпуску лекавых прэпаратаў. У рамках дасягнутых дамоўленасцяў Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка і старшыні Савета дырэктараў кампаніі «Cipla Limited» Юсуфа Хаміда, які выдзелiў адзін мільён долараў бязвыплатнай дапамогі, рэалізуецца праект па стварэнні Міжнароднага навукова-практычнага цэнтра прыкладной фармакалогіі.