Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.05.2026

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік павіншаваў БРФФД з 35-годдзем

У Акадэміі навук прайшло пашыранае пасяджэнне Навуковага і Апякунскага саветаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, прысвечанае 35-годдзю з дня яго заснавання.

Галоўны вучоны сакратар Васіль Гурскі ва ўрачыстай абстаноўцы зачытаў віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Караніка.

«У далёкім 1991 годзе, у няпростых для айчыннай навукі і краіны сацыяльна-эканамічных умовах, быў створаны першы не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў навуковы фонд, які выкарыстоўвае грантавую сістэму падтрымкі навукі і конкурснага фінансавання навукова-даследчых работ, якая практыкуецца ва ўсім свеце, – гаворыцца ў тэксце віншавання. – Адной з ключавых вех у гісторыі развіцця БРФФД стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 года аб уключэнні Фонду ў склад НАН Беларусі. Гэта рашэнне Кіраўніка дзяржавы спрыяла ажыццяўленню Акадэміяй навук адной з яе галоўных статутных функцый – арганізацыі і каардынацыі фундаментальных даследаванняў, што выконваюцца ўсімі суб'ектамі навуковай дзейнасці».

Уладзімір Каранік таксама адзначыў, што за мінулыя гады Фонд пераканаўча даказаў сваю запатрабаванасць, унёс важкі ўклад у развіццё перспектыўных напрамкаў навуковай думкі і стварэнне базісу сучасных тэхналогій, зрабіў вялікую работу ў галіне падтрымкі навуковай моладзі.