Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.05.2026

У Гродне адкрыўся V Беларускі біяхімічны кангрэс «Сучасныя праблемы біяхіміі і малекулярнай біялогіі»

У яго рабоце ўдзельнічае каля 200 спецыялістаў і экспертаў у галіне біяхіміі, якія абмяркоўваюць фундаментальныя даследаванні і актуальныя распрацоўкі, а таксама іх практычнае прымяненне ў медыцыне і розных галінах эканомікі.

Праграма кангрэса насычаная і ўключае пленарныя і секцыйныя пасяджэнні, на якіх навукоўцы і даследчыкі разгледзяць біяхімічныя і малекулярныя асновы розных захворванняў, а таксама сучасныя падыходы да іх лабараторнай дыягностыкi.

Асаблівая ўвага будзе нададзена таму, як перадавыя тэхналогіі малекулярнай біялогіі могуць быць паспяхова інтэграваны ў фармакалогію, анкалогію і іншыя ключавыя сектары рэальнай эканомікі.

Акадэмік-сакратар аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Богдан зачытаў прывітальны адрас старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Караніка.

«Малекулярная біялогія, біяхімія і хімія прыродных злучэнняў складаюць аснову сучаснага прыродазнаўства. Навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў гэтай сферы аднесены да разраду прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў тэксце звароту.

Кіраўнік Акадэміі навук таксама адзначыў, што вынаходкі ў малекулярнай біялогіі адкрываюць захапляльныя перспектывы. Яны ляжаць у аснове такіх перадавых напрамкаў, як генная інжынерыя і сучасныя біятэхналогіі, якія сёння вызначаюць сусветную эканоміку. Акрамя таго, гэтыя веды дазваляюць значна палепшыць здароўе людзей, укараняючы персаналізаваны падыход да лячэння, што спрыяе захаванню высокай якасці жыцця і працаздольнасці пацыентаў.

«Для дасягнення новых значных вынікаў у гэтых галінах вельмі важна пастаяннае ўзаемадзеянне навукоўцаў, абмен ідэямі і знаёмства з лепшымі сусветнымі практыкамі, якія ўжо паспяхова прымяняюцца ў розных краінах. Менавіта такую магчымасць для плённага, шматграннага і міждысцыплінарнага дыялогу прадаставіць V Беларускі біяхімічны кангрэс», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.

V Беларускі біяхімічны кангрэс праходзіць 21-22 мая ў г. Гродна на базе Рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».