НАН Беларусі і ФАО абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік сустрэўся сёння з генеральным дырэктарам Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО) Цюй Дун'юй. Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі і механізмы супрацоўніцтва, падкрэсліўшы ўзаемную зацікаўленасць ва ўмацаванні партнёрства ў сферы харчовай бяспекі і ўстойлівага развіцця сельскай гаспадаркі.
«Мы высока цэнім наша супрацоўніцтва з ФАО, накіраванае на павышэнне эфектыўнасці сельскай гаспадаркі і развіццё вёскі ў цэлым. Мы нацэлены на далейшае плённае ўзаемадзеянне і паглыбленне кааперацыі. Нам ёсць што прапанаваць іншым краінам у плане забеспячэння харчовай бяспекі, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, яе перапрацоўкі і захаванасці», – сказаў Уладзімір Каранік. Ён таксама дадаў, што харчовую бяспеку немагчыма забяспечыць без навуковага суправаджэння, належнай работы селекцыянераў і неабходных азотных і мінеральных угнаенняў. «Забеспячэнне харчовай бяспекі – гэта глабальная і складаная задача, якая можа быць вырашана толькі сумеснымі намаганнямі, у тым ліку з удзелам такіх міжнародных арганізацый, як ФАО», – падкрэсліў кіраўнік Акадэміі навук.
У сваю чаргу Цюй Дун'юй высока ацаніў дасягненні і ўклад Беларусі ў забеспячэнне харчовай бяспекі. Ён падкрэсліў, што для паспяховай барацьбы з голадам неабходныя тры ключавыя элементы: палітычная воля кіраўніцтва краіны, моцны навуковы патэнцыял і працавітасць грамадзян. На думку Цюй Дун'юя, Беларусь валодае ўсімі гэтымі складнікамі.
«Мы гатовыя ўмацоўваць супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку ў навуковай сферы па лініі Нацыянальнай акадэміі навук, і знайсці новыя напрамкі для сумеснай работы», – сказаў генеральны дырэктар ФАО.
У ходзе сустрэчы асаблівая ўвага была ўдзелена абмену навуковымі ведамі і тэхналогіямі, а таксама сумеснай рабоце над праектамі, накіраванымі на павышэнне эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу. Бакі выказалі гатоўнасць да правядзення сумесных ініцыятыў і даследаванняў, а таксама рэалізацыі сумесных праектаў у галіне лічбавізацыі сельскай гаспадаркі, інавацыйных і прагрэсіўных метадаў земляробства і селекцыі.