Абавязак цяперашніх пакаленняў – захаваць святую памяць аб франтавіках, партызанах і падпольшчыках, якія адстаялі ў гады вайны нашу свабоду і права на жыццё. Пра гэта заявіў Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Каранік у прывітанні ўдзельнікам і гасцям Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «1941 год у гісторыі Беларусі: трагедыя, гераізм, памяць (да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны)», якая праходзіць 4-5 ліпеня ў Брэсце.
Прывітальны адрас кіраўніка Акадэміі навук зачытаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.
«Сімвалічна, што наш прадстаўнічы форум праходзіць на свяшчэннай Брэсцкай зямлі, дзе 85 гадоў таму, раніцай 22 чэрвеня 1941 года, савецкія воіны ўступілі ў няроўную сутычку з перавышаючымі сіламі Вермахта, – сказаў Уладзімір Каранік. – Самаадданасць, нязломная воля і стойкасць абаронцаў Радзімы ў першыя гадзіны баёў на мяжы – яркае сведчанне вернасці воінскаму абавязку і веры ў перамогу. Брэсцкая крэпасць у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стала сімвалам мужнасці і гераізму савецкага народа. Яе абаронцы – воіны больш за 30 нацыянальнасцяў – стаялі да смерці, стрымліваючы перавышаючыя сілы нямецкай групы армій «Цэнтр» на галоўным кірунку наступу. У несмяротнай народнай памяці назаўжды застануцца імёны Пятра Гаўрылава, Івана Зубачова, Яфіма Фаміна, Андрэя Кіжаватава і ўсіх герояў-абаронцаў цвярдыні над Бугам».
У адзіным страі з вайскоўцамі-мужчынамі змагаліся іх дзеці і жонкі, адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН.
«Разам з жанчынамі з ліку медыцынскага і дапаможнага персаналу яны адбiвалі атакі ворага, збіралі боепрыпасы, перавязвалі і эвакуіравалі параненых. У Год беларускай жанчыны мы схіляем галовы перад гераічнымі дочкамі савецкага народа, якія змагаліся і набліжалі агульную перамогу», – гаворыцца ў прывітанні.
У Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ўдзельнічае больш за сто вядучых вучоных і экспертаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з Беларусі, Расіі, Казахстана і Славеніі.
У праграме канферэнцыі запланавана работа тэматычных выстаў, падрыхтаваных дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем і Інстытутам гісторыі НАН Беларусі.
Падчас канферэнцыі Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве.