Уладзімір Каранік: Памяць пра вялікія падзеі, пра гераізм народа, пра яго подзвіг – гэта падмурак, на якім будуецца будучыня любой дзяржавы
Пра гэта сказаў кіраўнік НАН Беларусі Уладзімір Каранік падчас сустрэчы з астравецкай моладдзю. Мерапрыемства прайшло ў рамках адзінага дня інфармавання «Памяць у імя будучыні», прысвечанага 85-й гадавіне з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
«Чаму цяпер робяцца спробы перапісаць гісторыю, навязаць фэйкавыя трактоўкі падзей Вялікай Айчыннай вайны? Каб разбурыць падмурак нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, падмурак нашай дзяржавы. І наша задача – даносіць праўду пра тыя падзеі, пра Вялікую Айчынную вайну, да нашага маладога пакалення, каб яно перадавала гэта наступным пакаленням», – сказаў Уладзімір Каранік.
«Нам было прасцей. Мы часцей размаўлялі з ветэранамі, выхоўваліся на ваенных фільмах. Зараз ветэранаў практычна не засталося, і стан іх здароўя не дазваляе ім удзельнічаць у падобных сустрэчах. Мы, людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, павінны перахапіць гэтую эстафету, каб перадаць яе наступным пакаленням, а яны – сваім дзецям і ўнукам», – адзначыў кіраўнік Акадэміі навук.