У Акадэміі навук адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прымеркаваная да 95-годдзя Інстытута эканомікі НАН Беларусі. Адкрываючы мерапрыемства, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі зачытаў прывітальны адрас старшыні Прэзідыума Уладзіміра Караніка.
«Заснаваны ў далёкім 1931 годзе Навукова-даследчы інстытут эканомікі Беларускай акадэміі навук сабраў найбуйнейшых спецыялістаў для дэталёвага аналізу і выпрацоўкі практычных рашэнняў найбольш надзённых задач народнай гаспадаркі, – гаворыцца ў тэксце звароту. – Гэтая эстафета была пранесена скрозь дзевяць з паловай дзесяцігоддзяў, і на сённяшні дзень Інстытут застаецца найважнейшым навукова-метадалагічным цэнтрам, які спалучае фундаментальныя даследаванні і прыкладную аналітыку па актуальных праблемах нацыянальнай і сусветнай эканомікі».
Уладзімір Каранік звярнуў увагу, што навукоўцы Інстытута прымалі актыўны ўдзел у фарміраванні канцэпцыі мадэлі сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі Беларусі, а тэарэтычныя і прыкладныя даследаванні ў галіне макраэканамічнага рэгулявання і эканамічнай палітыкі сталі асновай для прыняцця ключавых дзяржаўных рашэнняў.
«Асаблівую актуальнасць работа Інстытута набывае ва ўмовах фундаментальнай трансфармацыі сусветнай эканомікі і прынцыпаў міжнароднага супрацоўніцтва, калі мнагакратна узрастае запыт на выпрацоўку нестандартных рашэнняў для пераадолення глабальных выклікаў», – падкрэсліў кіраўнік Акадэміі навук.
Ён таксама адзначыў, што экспертная дзейнасць установы запатрабаваная на ўсіх узроўнях – ад навуковых дыскусій да практычнай рэалізацыі эканамічнай палітыкі ў маштабах краіны, асобных рэгіёнаў і галін.