Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Віталь Залескі правёў сёння рабочую сустрэчу са старшынёй Сусветнай федэрацыі беспілотных сістэм Ян Цзіньцаем
У рамках сустрэчы бакі абмеркавалі перспектывы развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у галіне беспілотных тэхналогій.
Віталь Залескі падкрэсліў, што беларускія арганізацыі, якія актыўна працуюць над стварэннем беспілотнай тэхнікі, гатовыя да шырокага спектра ўзаемадзеяння.
Гаворка ідзе не толькі пра стварэнне новых матэрыялаў, але і практычнае прымяненне дронаў у розных сферах, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы (аградроны) і ў рамках дзейнасці МНС.
У сваю чаргу Ян Цзіньцай паведаміў, што займаецца даследаваннямі і распрацоўкамі ў галіне грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і кіруе ў Кітаі інстытутам беспілотнікаў.
«Мой візіт накіраваны на ўсталяванне партнёрскіх адносін з Беларуссю і вывучэнне вашага вопыту ва ўжыванні беспілотных тэхналогій», – сказаў ён.
У рамках візіту кітайская дэлегацыя наведае індустрыяльны парк «Вялікі Камень», дзе зможа азнаёміцца з вытворчасцю аградронаў. Ім таксама пакажуць вытворчасць пілатуемых лятальных апаратаў, у тым ліку двух- і трохмясцовых, якія могуць выкарыстоўвацца як для экалагічнага маніторынгу, так і для транспарціроўкі грузаў, напрыклад, у медыцынскіх мэтах.