У цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз адбылася рабочая сустрэча Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка з кіраўніком ДКСЭ Аляксеем Волкавым
Аляксей Волкаў адзначыў, што сустрэча з'яўляецца чарговым этапам у развіцці двухбаковых адносін паміж беларускім экспертным ведамствам і НАН. Ён падкрэсліў, што бакі ўжо прадуктыўна ўзаемадзейнічаюць па розных напрамках і будуць працягваць плённае супрацоўніцтва ў будучыні. Гэта дазволіць укараняць у практыку судова-экспертнай дзейнасці перадавыя дасягненні навукі і тэхнікі.
«У нас, сапраўды, ёсць агульныя падыходы з судовымі экспертамі, у тым ліку ў сферы лічбавізацыі і развіцці метадаў ДНК-ідэнтыфікацыі, якія могуць быць выкарыстаны як у крыміналістыцы, так і ў сістэме аховы здароўя», – сказаў Уладзімір Каранік.
Кіраўнік Акадэміі навук таксама адзначыў, што ўкараненне перадавых генетычных тэхналогій мае падвойнае прызначэнне: з аднаго боку, гэта магутны інструмент прэвентыўнай медыцыны, які дазваляе выяўляць спадчынную схільнасць да захворванняў, з другога – важны рэсурс для забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
Асаблівую ўвагу бакі надалі задачам імпартазамяшчэння рэагентаў і абсталявання для правядзення судова-біялагічных экспертыз, а таксама пытанням распрацоўкі стандартных узораў параўнання наркатычных сродкаў, псіхатропных і лекавых рэчываў.
Прадстаўнікі ДКСЭ і НАН абмеркавалі магчымасці стварэння сучаснага апаратна-праграмнага комплексу сканіравання куль і гільзаў са слядамі стралковай наразной агнястрэльнай зброі, а таксама распрацоўкі праграмнага забеспячэння і тэхнічных сродкаў для правядзення камп'ютарна-тэхнічных экспертыз і экспертыз радыёэлектронных прылад і электрабытавых прыбораў.
У завяршэнне сустрэчы адбылася экскурсія па судова-экспертных лабараторыях галоўных упраўленняў крыміналістычных і спецыяльных экспертыз, дзе былі прадстаўлены найноўшыя ўзоры бронеабароны і сучаснага абсталявання.