Кіраўнік НАН Беларусі Уладзімір Каранік правёў сустрэчу з работнікамі ўстаноў культуры, сацыяльнай абароны і ідэалагічным актывам Навагрудскага раёна, якая прайшла ў рамках адзінага дня інфармавання на тэму «Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах».
«Ашуканцы дзейнічаюць не з дапамогай складаных тэхнічных выкрутаў, а перш за ўсё праз псіхалогію. Яны выкарыстоўваюць нашы слабасці: страх, давер, жаданне дапамагчы – і знаходзяць самыя ўразлівыя групы, асабліва дзяцей і пажылых людзей. Першыя яшчэ не маюць дастатковага жыццёвага вопыту, другія губляюць крытычнасць мыслення ў стрэсавых сітуацыях, асабліва калі гаворка ідзе пра блізкіх», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Асаблівую ўвагу кіраўнік НАН надаў таксама пытанням лічбавай пісьменнасці дзяцей. Ён падкрэсліў неабходнасць растлумачваць падрастаючаму пакаленню рызыкі, звязаныя з перадачай канфідэнцыйных даных: пароляў ад акаўнтаў, рэквізітаў банкаўскіх карт і інфармацыі аб сямейных накапленнях, бо тэма бяспекі жыццядзейнасці ва ўсіх сферах сёння асабліва актуальная.
«Прасцей папярэдзіць праблему, чым потым устараняць яе наступствы. Таму так важна распавядаць пра гэтыя правілы сваім дзецям, бацькам, суседзям. Бяспека – яна агульная, і пачынаецца з кожнага з нас», – адзначыў Уладзімір Каранік.
Уладзімір Каранік падкрэсліў, што заўсёды з задавальненнем наведвае Гродзеншчыну, адзначаючы яе развіццё і, галоўнае, людзей, якія тут жывуць і працуюць.