НАН Беларусі і СІТІС Construction падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік правёў рабочую сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам СІТІС Construction Лян Цзе, падчас якой абмяркоўваліся пытанні навуковага суправаджэння развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.
У рамках сустрэчы бакі падкрэслілі важнасць аператыўнага выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў.
Уладзімір Каранік адзначыў высокі ўзровень адкрытасці кітайскіх спецыялістаў, што дазваляе беларускім навукоўцам хутчэй паглыбляцца ў спецыфіку працэсаў і ў будучыні самастойна забяспечваць тэхналагічнае развіццё вытворчасці. Паводле яго слоў, папярэднія лабараторныя даследаванні паказваюць, што патэнцыял БНБК па выхадзе гатовай прадукцыі можа быць вышэйшы за бягучыя паказчыкі.
«Мы паглыбляемся ў спецыфіку працэсаў, каб вывесці завод на якасна новы ўзровень эфектыўнасці, – падкрэсліў Уладзімір Каранік. – Наша агульная мэта – зрабіць БНБК эталонным праектам, якім змогуць ганарыцца і Беларусь, і Кітай, і які стане яшчэ адным яркім прыкладам паспяховага двухбаковага супрацоўніцтва».
У сваю чаргу Лян Цзе адзначыў высокі ўзровень кваліфікацыі і глыбокія веды вучоных НАН Беларусі ў галіне біятэхналогій і вытворчасці амінакіслот. Ён таксама пацвердзіў гатоўнасць кітайскіх спецыялістаў аказваць беларускаму боку навуковую, метадычную і праектную падтрымку па ўдасканаленні дзейнасці БНБК.
Па выніках сустрэчы НАН Беларусі і СІТІС Construction падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Подпісы пад дакументам паставілі намеснік Старшыні Прэзідыума Аляксей Труханаў і віцэ-прэзідэнт кампаніі Лян Цзе.
Дакументам вызначаецца вектар сумеснай работы на бліжэйшы час. Акцэнт зроблены на глыбокім трансферы кампетэнцый, правядзенні навуковых даследаванняў і ўкараненні перадавых рашэнняў у вытворчасць.