Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.08.2026

Робаты, дроны і беспілотнікі: на Фестывалі навукі ў Мінску пройдуць маштабныя тэхналагічныя спаборніцтвы

5 і 6 верасня Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі ператворыцца ў цэнтр прыцягнення для юных інжынераў і аматараў высокіх тэхналогій. У рамках Фестывалю навукі ўпершыню будзе арганізавана пляцоўка «Iнтэлектуальныя тэхналогіі», якая аб'ядноўвае пяць відовішчных спаборніцтваў. Пра гэта сёння паведаміў падчас арганізацыйнай нарады па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, Акадэмія навук, як арганізатар, імкнецца зрабіць навуку максімальна даступнай і займальнай для любога ўзросту, таму прыняць удзел у спаборніцтвах могуць як дзеці ад 6 гадоў, так і дарослыя, аднак для ўдзельнікаў абавязковая папярэдняя рэгістрацыя.

«У гэтым годзе Фестываль навукі стане адкрытай інтэрактыўнай пляцоўкай. Мы хочам, каб кожны госць не проста назіраў за працэсам, а стаў яго актыўным удзельнікам. Наведвальнікі змогуць адчуць сябе аператарамі дронаў, паспрабаваць правесці робата па складанай трасе або самастойна забіць гол робатам-футбалістам», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Праграма спаборніцтваў ахоплівае самыя актуальныя сферы робататэхнікі:

Футбол на дронах (13-16 гадоў): пілоты кіруюць квадракоптарамі, імкнучыся паразіць вароты-кольцы саперніка. Важная асаблівасць: перад чэмпіянатам удзельнікі праходзяць прафесійны адбор і навучанне на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Паласа перашкод «Кубак РТК» (ад 7 гадоў): выпрабаванне для наземных робатаў, якім трэба будзе пераадолець складаны палігон і выканаць шэраг практычных задач на час і дакладнасць.

Футбол з удзелам робатаў (7-15 гадоў): камандныя матчы, дзе юныя iнжынеры кіруюць кампактнымі робатамі-футбалістамі.

Гонкі беспілотных аўтамабіляў Roborace (ад 6 гадоў): хуткасныя заезды аўтаномных машын, якія нагадваюць гонкі «Формулы-1».

«Кубак РТК Вышэйшая ліга: рух па горадзе» (ад 15 гадоў): хакатон па аўтаномнай навігацыі. Удзельнікам трэба будзе запраграмаваць робата так, каб ён прайшоў гарадскі маршрут, строга выконваючы ПДР. Пераможцы атрымаюць галоўны прыз – пуцёўку на фінал спаборніцтваў у адукацыйны цэнтр «Сірыус» (г. Сочы).
"«Наша пляцоўка «Iнтэлектуальныя тэхналогіі» – гэта не проста чарговы турнір. Мы задумвалі яе як прастору для росту і новых адкрыццяў для юных вынаходцаў і маладых людзей, якія толькі-толькі робяць свае першыя, але ўсвядомленыя крокі ў навуцы і робататэхніцы. Для іх гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе і па-новаму глянуць на магчымасці штучнага інтэлекту і аўтаматызаваных сістэм», – сказаў Уладзімір Каранік.

Фестываль навукі – гэта найбуйнейшая навукова-папулярная падзея ў Беларусі. Сёлета мінчан і гасцей мерапрыемства чакае сапраўдны калейдаскоп уражанняў: майстар-класы і лекцыі ад вядучых экспертаў і вядомых навукоўцаў, інтэрактыўныя зоны і захапляльныя шоу. Падрабязная інфармацыя аб правілах спаборніцтваў, рэгламенце і формах рэгістрацыі даступная на афіцыйным сайце Фестывалю навукі: https://scifest.by.