Каля 50 тысяч чалавек наведалі Фестываль навукі ў Мінску
Каля 50 тысяч мінчан і гасцей сталіцы наведалі Фестываль навукі, які прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе 5-6 верасня. Пра гэта паведаміў сёння на працоўнай нарадзе Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.
«Нягледзячы на капрызнае і пераменлівае вераснёўскае надвор'е – чаргаванне дажджу, сонца і парывістага ветру – найбуйнейшая навукова-папулярная падзея краіны выклікала павышаную цікавасць з боку мінчан і гасцей сталіцы. Фестываль навукі сёлета сабраў вялікую колькасць людзей – каля 50 тысяч», – сказаў кіраўнік Акадэміі навук.
Ён таксама адзначыў, што рашэнне пашырыць фармат фестывалю да двух дзён і павялічыць колькасць інтэрактыўных пляцовак аказалася вельмі ўдалым і верным: мерапрыемства стала не толькі навуковай і адукацыйнай платформай, але і папулярным месцам для сямейнага адпачынку.
Варта адзначыць, што асаблівым попытам у наведвальнікаў усіх узростаў карысталася пляцоўка «Iнтэлектуальныя тэхналогіі». Тут прайшоў маштабны турнір робатаў, у рамках якога ўдзельнікі спаборнічалі ў пяці дысцыплінах, кіруючы дронамі і высокатэхналагічнымі мадэлямі.
Упершыню ў праграму фестывалю былі ўключаны вячэрнія актыўнасці, якія атрымалі высокую ацэнку публікі. Госці змаглі ўбачыць захапляльныя навуковыя шоу, пастаноўку пластычнага тэатра «Суперпазіцыя» і фінальны феерверк.
«Мы выбралі правільны кірунак і будзем развіваць фестываль далей, робячы яго яшчэ больш маштабным і яркім з кожным годам. Наша задача – вытрымлiваць тонкі баланс паміж навуковым складнікам і забаўляльнай праграмай, якая прыйшлася даспадобы ўсім наведвальнікам нашага мерапрыемства ў Цэнтральным батанічным садзе», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.