Уладзімір Каранік: разуменне важнасці святкавання Дня яднання будзе спрыяць адзінству нашага народа і захаванню незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці
«Дзень народнага адзінства як фактар нацыянальнага гонару» стаў ключавой тэмай сустрэчы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі з кіраўніцтвам і калектывам Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра ў Гродне, якая прайшла ў рамках адзінага дня інфармавання.
«Значэнне гэтага свята асабліва востра адчуваецца тут, у заходніх рэгіёнах нашай любімай Беларусі. Гістарычная памяць жывая, і мы абавязаны казаць людзям розных пакаленняў не толькі праўду пра тое, што гэта быў акт гістарычнай справядлівасці, але і важную ісціну: наколькі цяжка беларусам жылося па-за сваёй дзяржавай, падзеленай па-жывому несправядлівым юрыдычным мiрам», – сказаў Уладзімір Каранік.
Размаўляючы з калектывам, кіраўнік НАН падкрэсліў важнасць жывога дыялогу з людзьмі. На яго думку, менавіта такі фармат сустрэч дазваляе больш поўна данесці інфармацыю і адказаць на пытанні, расстаўляючы правільныя акцэнты.
У наш час грамадзяне, асабліва моладзь, менш чытаюць сухую статыстыку і больш настроены на атрыманне інфармацыі праз візуальную форму і жывыя зносіны. Такім фарматам неабходна карыстацца, каб данесці да кожнага праўдзівую аб'ектыўную інфармацыю.
«Што тычыцца сумесных праектаў, калі спатрэбяцца нейкія навукова-даследчыя работы па распрацоўцы новых матэрыялаў альбо па ўкараненні лічбавых тэхналогій ў гэтую справу, Акадэмія навук гатова аказаць усё неабходнае садзейнічанне», – паведаміў Уладзімір Каранік.