Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.09.2026

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёння адкрылася выстава «У пошуках страчанага. Вяртанне»

Экспазіцыя стала вынікам маштабнай працы па пошуку і вяртанні ў Беларусь нацыянальных рэліквій, якія дзесяцігоддзямі лічыліся незваротна згубленымі. У аснове выставы – асабісты збор вядомага беларускага даследчыка і гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава.

У цесным супрацоўніцтве з Нацыянальным гістарычным музеем праведзена каласальная работа: за гады пошукаў удалося выявіць і вярнуць у краіну тысячы артэфактаў.

Гэтыя даследаванні праводзіліся ў рамках праекта «Бацькаўшчына» пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча.

Сярод прадстаўленых экспанатаў на выставе асаблівае месца займае сцяг узору 1939 года, які стаў увасабленнем стойкасці і адзінства беларусаў, а таксама рэдкія выданні, якія папоўняць фонды Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук.

У іх ліку – кнігі і перыядычныя выданні, якія выходзілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі амаль сто гадоў таму.

Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прынялі ўдзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік, Міністр культуры Марат Маркаў і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.

Уладзімір Каранік падкрэсліў, што кожны прадмет прайшоў строгую навуковую экспертызу. Паводле яго слоў, для Акадэміі навук захаванне гістарычнай памяці – гэта не проста даніна павагі продкам, а падмурак, на якім будуецца будучыня краіны.

«Падобныя праекты маюць вялікае значэнне для фарміравання гістарычнай свядомасці грамадства. Мы павінны разумець, і нам каштоўныя ўсе дэталі, як нашы продкі жылі, да чаго яны імкнуліся, за што яны змагаліся. Прадстаўленыя экспанаты дазволілі прыадчыніць яшчэ некаторыя, дагэтуль невядомыя, старонкі жыцця нашага народа, яго барацьбы за незалежнасць і адзінства. Гэта дае нам дадатковую нагоду ганарыцца нашымі продкамі і перадаць наступным пакаленням важнасць захавання гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці», – сказаў Уладзімір Каранік.

У адкрыцці таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Следчага камітэта, Міністэрства абароны, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, духавенства, а таксама навучэнскай моладзі.

У бліжэйшы час экспанаты здабудуць «пастаянную прапіску» ў вядучых музеях, бібліятэках і духоўных цэнтрах Беларусі, а таксама стануць часткай асветніцкіх праектаў у рэгіёнах, каб кожны жадаючы мог дакрануцца да ўнікальных і каштоўных помнікаў культуры і гісторыі.
Тэгi
#выставы