Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.11.2026

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік правёў інфармацыйную сустрэчу з кіраўніцтвам і калектывам Банка Развіцця

Мерапрыемства прайшло ў рамках адзіных дзён інфармавання і было прысвечана двум ключавым тэмам: забеспячэнне харчовай бяспекі і роля Усебеларускага народнага сходу (УНС) як гаранта стабільнасці і развіцця.

Уладзімір Каранік падкрэсліў, што развіццё вёскі і аграрнай вытворчасці застаецца адным з краевугольных камянёў сацыяльна-эканамічнай стратэгіі беларускай дзяржавы.

«Гэта не проста галіна эканомікі. Гэта падмурак харчовай бяспекі. І ў сучасных умовах уплыў аграрнай галіны на стабільнае развіццё нашай краіны толькі ўзрастае», – адзначыў ён.

Старшыня Прэзідыума НАН акцэнтаваў увагу на тым, што якасць харчавання з'яўляецца адной з найважнейшых умоў дабрабыту кожнага беларуса.

Сельская гаспадарка, у сваю чаргу, з'яўляецца шматфункцыянальнай галіной, якая стымулюе развіццё цэлага шэрага сумежных сфер.

Беларуская мадэль харчовай бяспекі, заснаваная на прынцыпе самазабеспячэння за кошт уласнай вытворчасці, дазволіла краіне ўвайсці ў лік вядучых сусветных экспарцёраў харчавання.

Уладзімір Каранік прывёў канкрэтныя лічбы, якія сведчаць аб высокім экспартным патэнцыяле краіны: Беларусь уваходзіць у топ-5 па пастаўках малочнай прадукцыі і ў топ-15 па экспарце мяса птушкі, ялавічыны і каўбасных вырабаў.

Доля краіны ва ўзаемным гандлі харчовымі таварамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза штогод перавышае 40 %, а экспарт ажыццяўляецца ў больш чым 115 краін свету.

У сваім выступленні Кіраўнік Акадэміі навук таксама падрабязна спыніўся на тэме Усебеларускага народнага сходу.

Ён нагадаў, што першы УНС, якi прайшоў у пераломны момант гісторыі, абумовіў не толькі сутнасць гэтага органа, але і асноўны сэнс усяго грамадска-палітычнага жыцця суверэннай Беларусі.

Асаблівая ўвага была ўдзелена ролі УНС у канстытуцыйнай рэформе. Шосты Усебеларускі народны сход стаў знамянальнай падзеяй, паколькі менавіта на ім быў дадзены старт канстытуцыйнай рэформе, вынікам якой стаў рэспубліканскі рэферэндум 27 лютага 2022 года.

«УНС набыў канстытуцыйны статус, стаўшы вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, а яго рашэнні набылі абавязковы характар. Наданне канстытуцыйнага статусу УНС з'яўляецца сведчаннем афармлення ўнікальнай мадэлі беларускага народаўладдзя», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.