Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі прыняў удзел у рабоце Першага дзелавога форуму Саюзнай дзяржавы «Інтэграцыя»
Мерапрыемства, арганізаванае Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, прайшло ў Маскве 19-20 лістапада пры падтрымцы ўрадаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, а таксама Савета Федэрацыі РФ.
Яго галоўная тэма – перспектыўныя напрамкі развіцця эканомікі Саюзнай дзяржавы.
У рамках форуму Васіль Гурскі прыняў удзел у афіцыйным адкрыцці і пленарным пасяджэнні. Асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце секцыі «Вытворчая інтэграцыя Саюзнай дзяржавы: кропкі росту і сумесныя ініцыятывы», дзе ён выступіў з дакладам «Тэарэтычныя і практычныя аспекты ўзгаднення навукова-тэхналагічнай палітыкі і фарміравання адзінай навукова-інавацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы».
У другі дзень форуму Васіль Гурскі ўдзельнічаў у пасяджэнні навукова-экспертнага савета пры Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы. З прадстаўнікамі вядучых навуковых і адукацыйных устаноў Расійскай Федэрацыі прайшла серыя рабочых сустрэч, прысвечаных пошуку новых кропак росту ў сумеснай навуковай дзейнасці.
«Дзелавы форум стаў важнай пляцоўкай для абмену вопытам, пошуку перспектыўных напрамкаў развіцця і выпрацоўкі канкрэтных прапаноў па паглыбленні эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй», – падкрэсліў Васіль Гурскі.