Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.09.2015

11 верасеня 2015 года ў г. Рэзэкнэ (Латвія) адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзён беларускай культуры, прысвечаных 525-годдзю з дня нараджэння беларускага першадрукара Францыска Скарыны

11 верасеня 2015 года ў Латвіі пачаліся Дні беларускай культуры, прысвечаныя 525-годдзю з дня нараджэння беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Арганізатарам Дзён выступіў Саюз беларусаў Латвіі, які ўзначальвае Валянціна Піскунова. Урачыстае адкрыццё Дзён адбылося ў г. Рэзэкнэ. У цырымоніі адкрыцця Дзён беларускай культуры прынялі ўдзел мэр г. Рэзэкнэ Аляксандр Барташэвіч, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі, старшыня беларускага таварыства “Прамень” (г. Рыга), член кансультатыўнага камітэта па пытаннях нацыянальных меншасцей пры Міністэрстве культуры Латвіі Алёна Лазарава, а таксама старшыня Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор’е” Людміла Стэц. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Дзён беларускай культуры ў Латвіі таксама прынялі ўдзел першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, якія падрыхтавалі і прывезлі кніжную выставу выданняў Ф. Скарыны і даследаванняў, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларускага першадрукара.

На працягу верасня – кастрычніка ў рамках Дзён беларускай культуры ў Латвіі шматлікія мерапрыемствы, падчас якіх будзе дэманстравацца і кніжная выстава, пройдуць у гарадах Лудза, Даўгаўпілс, Зілупэ, Краслава, Екабпілс, Дагда, Прэйлі, Ліваны, Елгава, Ліепая. Урачыстае закрыццё Дзён беларускай культуры ў Латвіі адбудзецца 31 кастрычніка ў Рызе ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі.