Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.10.2015

У НАН Беларусі адкрылася III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы захавання біялагічнай разнастайнасці і выкарыстання біялагічных рэсурсаў»

7 кастрычніка 2015 года ў НАН Беларусі адкрылася III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы захавання біялагічнай разнастайнасці і выкарыстання біялагічных рэсурсаў», прысвечаная 110-годдзю акадэміка М.У. Смольскага. На канферэнцыю было заяўлена да рэгістрацыі больш за 440 удзельнікаў з 14 краін.

На ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Кільчэўскі А.У. адзначыў вялікі ўклад М.У. Смольскага ў развіццё батанічнага саду: "М.У. Смольскі вельмі шмат зрабіў як буйны вучоны і арганізатар для ўмацавання матэрыяльнай базы і развіцця Цэнтральнага батанічнага саду, выгадаваў цэлую школу навукоўцаў - больш за 20 кандыдатаў навук". Гаворачы аб тэме канферэнцыі, А.У. Кільчэўскі падкрэсліў, што "Беларусь вельмі актыўна ўдзельнічае ў працэсах захавання біяразнастайнасці. У нас сфарміраваны банк ДНК на базе Інстытута генетыкі, у якім утрымліваецца больш за 1700 узораў, гэта стварае цікавыя перспектывы для ўзаемадзеяння ўнутры нашага біялагічнага аддзялення і вучоных-біёлагаў у краіне ў цэлым" .

Акадэмік-сакратар аддзялення біялагічных навук М.Я. Нікіфараў асабліва адзначыў неабходнасць пераемнасці пакаленняў у навуцы і пажадаў канферэнцыі надаваць больш увагі работам маладых навукоўцаў.

Дырэктар ДНУ "Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі" член-карэспандэнт У.У. Ціток у пленарным дакладзе, прысвечаным жыццёваму шляху М.У. Смольскага расказаў аб біяграфічных звестках і навуковай дзейнасці гэтага выдатнага дзеяча і закрануў гістарычныя факты развіцця Цэнтральнага батанічнага саду пры М.У. Смольскім. Таксама У.У. Ціток з гонарам адзначыў, што і ў нашы дні батанічны сад таксама актыўна развіваецца. Доказам чаго быў прыведзены падпісаны 6 кастрычніка 2015 года Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь А. Кабяковым пратакол пасяджэння Прэзідыума Савета міністраў Рэспублікі Беларусь Аб канцэпцыі Дзяржаўнай праграмы развіцця і рэканструкцыі аб'ектаў Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі на 2016-2020 гг. і на перыяд да 2025 года.

Подробнее о конференции