Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.10.2015

Памёр акадэмік М. А. Барысевіч

Беларуская навука панесла цяжкую страту. 25 кастрычніка 2015 г. на 93-м годзе жыцця памёр вядомы вучоны і арганізатар навукі ў галіне оптыкі і спектраскапіі, лазернай фізікі і інфрачырвонай тэхнікі, акадэмік АН СССР (з 1991 г. - Расійскай акадэміі навук), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР у галіне навукі і тэхнікі, Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер Ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай і другой ступені, Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі , Працоўнага Чырвонага Сцяга, Францыска Скарыны, Мікалай Аляксандравіч Барысевіч.

На працягу 18 гадоў - з 1969 па 1987 гады - акадэмік Мікалай Аляксандравіч Барысевіч з'яўляўся Прэзідэнтам Акадэміі навук БССР.

Развітанне з акадэмікам Н.А. Барысевічам будзе арганізавана 28 кастрычніка 2015 г з 11.00 да 13.00 у будынку Прэзідыума НАН Беларусі (Мінск, пр. Незалежнасці, 66).

Грамадзянская паніхіда адбудзецца 28 кастрычніка 2015 г. у 12.30.


Мікалай Аляксандравіч Барысевіч нарадзіўся 21 верасня 1923 г. у пасёлку Лучны Мост Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1941 па 1944 гг. быў удзельнікам падпольнай камсамольскай групы і байцом 152-га партызанскага атрада, а з 1944 г. - воінам-артылерыстам дзеючай Чырвонай Арміі, якія дайшлі да Берліна. За адвагу, праяўленую ў баях, ён узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступені, шэрагам медалёў.

Скончыўшы ў 1950 г. Белдзяржуніверсітэт, ён прайшоў шлях ад аспіранта да Прэзідэнта Акадэміі навук БССР, якую ўзначальваў на працягу 18 гадоў з 1969 г. па 1987 г. З яго імем звязана бурнае развіццё ў БССР фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі, навук аб Зямлі, фотабіялогіі і іншых навук. Ён быў ініцыятарам стварэння ў АН БССР канструктарскіх бюро, доследна-прамысловых вытворчасцей, рэгіянальных навуковых цэнтраў, развіцця работ па абароннай тэматыцы. Пад кіраўніцтвам Мікалая Аляксандравіча Барысевіча АН БССР стала адной з лепшых акадэмій Савецкага Саюза, навукоўцы БССР па шэрагу найважнейшых навуковых напрамкаў занялі вядучыя пазіцыі ў свеце.

Неацэнны ўклад акадэміка Барысевіча ў развіццё оптыкі, спектраскапіі. Ён аўтар навуковага адкрыцця і больш за 600 навуковых прац. За выдатныя навуковыя дасягненні Мікалаю Аляксандравічу прысуджана Ленінская прэмія, Дзяржаўныя прэміі СССР і Рэспублікі Беларусь. Ім падрыхтавана больш за 30 кандыдатаў навук, 12 яго вучняў - дактары навук, сярод іх 3 акадэмікі і член-карэспандэнт.

Уклад Барысевіча М.А. у развіццё навукі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Дружбы (Расійская Федэрацыя), ордэнам Францыска Скарыны. Вышэйшая ацэнка дзейнасці Мікалая Аляксандравіча - прысваенне яму Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27.12.1978 г. звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і молат»