Са словам пра Францыска Скарыну на закрыцці Дзён выступіў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец, які асабліва падкрэсліў важнасць і неабходнасць такіх мерапрыемстваў для наладжвання і ўмацавання культурных узаемасувязей паміж суседнімі народамі, пашырэння ведаў пра гісторыю, мову, літаратуру і культуру Беларусі ў Латвіі.
Дні беларускай культуры ў Латвіі былі арганізаваны Саюзам беларусаў Латвіі і праходзілі на працягу верасня–кастрычніка 2015 года. За гэты час у розных гарадах Латвіі з удзелам беларускіх суполак і арганізацый адбыліся розныя ўрачыстыя мерапрыемствы, святочныя канцэрты, дэманстравалася кніжная выстава з фондаў бібліятэкі філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прысвечаная жыццю і творчай дзейнасці беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны.