Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.11.2015

5 лістапада 2015 года адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура”

5 лістапада (чацвер) 2015 г. у 10.00 па адрасе г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66 у вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», якую праводзіць Інстытут гісторыі НАН Беларусі. У працы форуму возьмуць удзел вядомыя гісторыкі, грамадскія дзеячы, журналісты Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Малдовы і інш. Падчас канферэнцыі будзе прадстаўлена выстава археалагічных артэфактаў і кніг па гісторыі ВКЛ. У канферэнцыі прыме ўдзел гурт "Стары Ольса".

Падчас канферэнцыі 5-6 лістапада навукоўцы будуць абмяркоўваць такія праблемы, як: крыніцы вывучэння гісторыі ВКЛ, ВКЛ па матэрыялах археалагічных даследаванняў, дзяржаваўтваральныя працэсы на беларускіх і літоўскіх землях у VIII-XIII стст .; эвалюцыя сістэмы палітычнай улады і кіравання ў ВКЛ; знешняя палітыка ВКЛ. Не застануцца без увагі праблемы культуры ВКЛ, сельскай гаспадаркі - асновы эканомікі ВКЛ, эканамічныя рэформы, гарады Беларусі, Літвы і Украіны ў ХV-XVIII стст., эвалюцыя права ВКЛ, рамяство, гандаль і шляхі зносін у ВКЛ, метрычная і грашова-фінансавая сістэма ВКЛ .

5 лістапада ў 14.15 адбудзецца адкрыццё выставы “На скрыжаванні шляхоў ...” у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр-т Незалежнасці 116, 3 паверх, памяшканне № 347).

Поўную праграму канферэнцыі можна знайсці на сайце Інстытута гісторыі НАН Беларусі.