Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.11.2015

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакоў правёў перагаворы з дэлегацыяй Сібірскага аддзялення РАН на чале з А.Л.Асеевым

25 лістапада 2015 года Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакоў правёў перагаворы з дэлегацыяй Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук на чале са Старшынёй СА РАН акадэмікам Аляксандрам Леанідавічам Асеевым. Бакі абмяняліся дзелавымі прапановамі з нагоды развіцця далейшага супрацоўніцтва. У прыватнасці, сібірскія калегі выказалі зацікаўленасць у больш шчыльным супрацоўніцтве ў галіне хімічнага сінтэзу, новых матэрыялаў, інжынернай біятэхналогіі, вытворчасці лекавых прэпаратаў, угнаенняў для сельскай гаспадаркі. Беларускі бок выказаў асаблівую цікавасць да вопыту калег у галіне паглыбленай перапрацоўкі нафты і спадарожных прадуктаў.

Дырэктарам Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі акадэмікам Мікалаем Станіслававічам Казаком быў агучаны шэраг праектаў, па якіх магчыма далейшае ўзаемадзеянне з СА РАН, у прыватнасці: радыёфатоніка, вырошчванне паўправадніковых структур, ЗВЧ-электроніка, п’езаэлементы, лазерная медыцына і электроніка, лідары, матэрыялазнаўства, метаматэрыялы і інш.

Таксама паступіла прапанова па стварэнні каардынацыйнага цэнтра, які адказвае за сумесную працу СА РАН і НАН Беларусі.

Быў зацверджаны парадак дня сумеснага пасяджэння СА РАН і НАН Беларусі, якое адбудзецца 26 лістапада 2015 г. у НАН Беларусі.