Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.11.2015

Адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук

26 лістапада 2015 года ў НАН Беларусі адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. У мерапрыемстве прыняла ўдзел вялікая дэлегацыя даследчыкаў з Сібіры. Перад пачаткам мерапрыемства Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Старшыня Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук Аляксандр Асееў уручылі лаўрэатам прэміі імя акадэміка Капцюга В.А. 2015 года ад беларускага боку дыпломы пераможцаў.

Галоўнай тэмай сумеснага пасяджэння сталі стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і СА РАН. З дакладамі па гэтым пытанні выступілі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін і Старшыня СА РАН Аляксандр Асееў. Падчас мерапрыемства былі заслуханы даклады аб сумесных працах. Сярод пытанняў, якія абмеркавалі навукоўцы - вынікі і перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў паміж навуковымі арганізацыямі НАН Беларусі і СА РАН, расійска-беларускае супрацоўніцтва ў галіне нафта- і лесахімічных тэхналогій, інавацыйных біяінжынерных тэхналогій, генетыкі і цыталогіі, лазернай фізікі, сумесныя распрацоўкі тэхналогій глыбокай перапрацоўкі торфу ў інтарэсах розных галін народнай гаспадаркі.

Асаблівы акцэнт у ходзе сумеснага пасяджэння быў зроблены на развіцці супрацоўніцтва ў рамках праграм Саюзнай дзяржавы. Гаворка ішла аб падрыхтоўцы навуковых кадраў, правядзенні навуковых канферэнцый, стварэнні сумесных навуковых падраздзяленняў і сумесных прадпрыемстваў. Усе прапановы, якія паступілі ў ходзе пасяджэння, было вырашана ўлічыць пры падрыхтоўцы праекта Пастановы сумеснага пасяджэння прэзідыумаў НАН Беларусі і СА РАН.

Для каардынацыі дзейнасці НАН Беларусі і СА РАН будзе створана сумесная рабочая група.


Фото газета "Навука"

Яшчэ па дадзенай тэме: