Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.12.2015

Падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве па лініі Акадэмій навук Беларусі і Туркменістана

10 снежня 2015 года Беларусь і Туркменістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2016-2017 гады. Падпісанне дакумента адбылося падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан. Дакумент падпісалі прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў. Акрамя таго, падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве ў харчовай і лёгкай прамысловасці, па лініі Акадэмій навук дзвюх краін. Дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве заключаны паміж Цэнтрам тэхналогій Акадэміі навук Туркменістана і Інстытутам генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Інстытутам хіміі АН Туркменістана і інстытутам хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі падпісана палажэнне аб сумеснай лабараторыі па вытворчасці хімічнай прадукцыі.

У лабараторыі плануецца праводзіць навукова-тэхнічныя работы па наступных напрамках: удасканаленне тэхналогіі перапрацоўкі нафты і газу; сінтэз арганічных злучэнняў і біялагічна актыўных рэчываў і выкарыстанне іх у сельскай гаспадарцы і медыцыне; ачыстка і паўторнае выкарыстанне сцёкавых і мінеральных вод, вытворчых адходаў; распрацоўка і ўкараненне навукова абгрунтаванай тэхналогіі атрымання экалагічна чыстай пітной вады; аптымізацыя тэхналогій (тэхналагічных параметраў) дзеючых вытворчасцей у хімічнай, нафтагазавай, энергетычнай, будаўнічай, харчовай і іншых галінах прамысловасці.