Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава наведала Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі ў рамках рабочага візіту ў Гродна
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава наведала Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі ў рамках рабочага візіту ў Гродна, дзе азнаёмілася з абсталяваннем навуковых лабараторый і абмеркавала з вучонымі хвалюючыя іх пытанні. Вучоныя папрасілі Н. Качанаву аказаць садзейнічанне ў прасоўванні атрыманых у інстытуце лекавых субстанцый на клінічным узроўні і запуску ў серыйную вытворчасць на фармацэўтычных прадпрыемствах краіны.
У Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі маюцца перспектыўныя напрацоўкі ў даследаванні алкалоідаў падтынніку, вылучаных з каранёвай фракцыі расліны. Дадзеныя рэчывы могуць знайсці прымяненне пры стварэнні проціпухлінных лекаў. Дадзенай распрацоўкай ужо зацікавіліся аўстрыйскія калегі. Таксама ў інстытуце распрацавана лабараторная тэхналогія атрымання з водных настояў каля 30 лекавых раслін сухіх экстрактаў, з якіх можна фарміраваць лекавыя кампазіцыі, ствараць Бады. “У інстытуце пачаты работы па стварэнні ўласнай эксперыментальнай вытворчасці раслінных субстанцый, якія можна выкарыстоўваць для фармацэўтычнай, харчовай і парфумерна-касметычнай прамысловасці нашай краіны”, - удакладнілі ў інстытуце.