Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.12.2015

Уладзімір Гусакоў аб фінансаванні навукі, знакавых дасягненнях вучоных і моладзі ў навуцы ў інтэрв’ю Народнай газеце

Сучасная Нацыянальная акадэмія навук Беларусі - гэта не проста храм ведаў, але яшчэ і буйная навукова-вытворчая карпарацыя, здольная вырашаць самыя складаныя практычныя задачы. Пра тое, які ўклад вучоныя ўносяць у эканоміку краіны, як прыцягваюць моладзь і што плануюць на будучыню - гутарка Народнай газеты са Старшынёй Прэзідыума НАН, доктарам эканамічных навук, акадэмікам Уладзімірам Гусаковым.

- Уладзімір Рыгоравіч, часам даводзіцца чуць меркаванне, што, маўляў, навука наогул (і, у прыватнасці, беларуская), што называецца, “сядзіць на шыі ў дзяржавы”. Якое ваша меркаванне з гэтай нагоды?

- Гэта ў корані няправільны пункт погляду, прычым абвергнуць яго я магу і фактамі, і лічбамі. Пачнём з таго, што ў адрозненне ад розных міністэрстваў і ведамстваў, якія засяроджваюць намаганні на развіцці нейкай канкрэтнай галіны, акадэмія навук займаецца адразу ўсімі напрамкамі. Бюджэтныя сродкі складаюць толькі чвэрць неабходных нам фінансавых рэсурсаў. Гэта азначае, што астатняе акадэмія павінна зарабіць сама. Таму мы акцэнтавалі ўвагу на пашырэнні дзяржразліковай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх дзяржаўных праграмах, праграмах развіцця галін, інавацыйных праектах міністэрстваў, ведамстваў і прадпрыемстваў, праграмах Саюзнай дзяржавы. Таксама прыцягваем замежныя гранты, актыўна працуем сумесна з замежнымі навуковымі цэнтрамі. Пастаянна атрымліваем і заказы на выкананне канкрэтных даследаванняў або распрацовак. Да прыкладу, ад дзяржаўных арганізацый Беларусі іх штогод паступае больш за 3 тысячы.
З пачатку бягучага пяцігоддзя мы стварылі і развіваем па ўласных тэхналогіях тры дзясяткі новых вытворчасцей інавацыйнай прадукцыі, здольных у бліжэйшыя гады выйсці на аб’ём у сотні мільёнаў долараў.

- Якія з апошніх дасягненняў вучоных з’яўляюцца знакавымі?

- Што тычыцца найбуйнейшых распрацовак апошняга часу, варта згадаць суперкамп’ютар “СКІФ”, які ўвайшоў у лік 300 найбольш магутных камп’ютараў у свеце. Прарывам стала стварэнне беспілотных лятальных апаратаў, многія з якіх цяпер ужо пастаўляюцца і за мяжу. Мы ганарымся стварэннем у акадэміі Цэнтра клетачных тэхналогій, распрацоўкай спецыяльных методык і спосабаў лячэння з дапамогай ствалавых клетак. Хачу заўважыць, што пералік распрацовак на гэтым не канчаецца. Мы працуем ва ўсіх сферах і ўсюды ў нас ёсць знакавыя і прарыўныя вынікі.
У краіне набірае тэмпы развіцця і галіна касмічных даследаванняў.
У ліпені мы адзначылі своеасаблівы юбілей - трохгоддзе паспяховай працы на арбіце айчыннага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Зараз вучоныя акадэміі прыступілі да працы ўжо над новым, больш дасканалым. Наогул кажучы, для нас малыя і звышмалыя касмічныя апараты - гэта рэальная перспектыва самастойнага доступу да найбольш перадавых касмічных тэхналогій, а таксама магчымасць сфарміраваць уласныя касмічныя сродкі і прыцягнуць у гэты новы сектар моладзь.

- Дарэчы, кажуць, што цяпер маладыя неахвотна ідуць у навуку. Наколькі справядліва гэта сцвярджэнне і ці не адчуваеце вы дэфіцыту кадраў?

- Сёння патэнцыял Нацыянальнай акадэміі навук - гэта 73 навуковыя арганізацыі. Парадку 8 тысяч чалавек займаюцца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. Гэта 40% усяго навуковага патэнцыялу краіны. Пагадзіцеся, гэта немалы калектыў і было б дзіўна, калі б у ім не было “свежых” кадраў. Тут актыўна працуе Савет маладых вучоных, якому ў гэтым годзе ўжо споўнілася 50 гадоў. Штогод мы прымаем больш за 300 маладых спецыялістаў. Такім чынам, трэцяя частка тых, якія працуюць у НАН - гэта якраз менавіта моладзь: пісьменная, таленавітая, перспектыўная, на якую мы робім стаўку. Сярод іх ёсць уладальнікі прэстыжных прэмій, грантаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, пераможцы турніраў на лепшую навуковую распрацоўку. Дарэчы, у мінулым годзе была заснавана прэмія Алфёраўскага фонду і НАН для маладых вучоных. Па выніках за 2015 год яе ўладальнікам стаў загадчык лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат хімічных навук Андрэй Іванец.
Зусім нядаўна Прэзідэнт падпісаў распараджэнне аб прызначэнні стыпендый 92 таленавітым маладым вучоным на 2016 год. Стыпендыяты вызначаліся па найбольш істотных выніках па прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Навізна многіх распрацовак пацверджана патэнтамі на вынаходствы і публікацыямі ў вядучых айчынных і замежных навуковых часопісах. І важна адзначыць, што з усяго складу - 47 - гэта маладыя вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вельмі важная для нас падтрымка з боку Прэзідэнта. Ужо ўзгоднена пытанне аб тым, што будзе ўнесена прапанова аб заснаванні ў краіне вышэйшай навуковай прэміі для моладзі.
Словам, робіцца шмат. Мы стараемся ў меру сіл забяспечыць усе ўмовы для нармальнай працы і творчай дзейнасці. Але тым, хто хоча ісці ў навуку (я маю на ўвазе цяперашніх школьнікаў), трэба дакладна разумець некаторыя рэчы. Напрыклад, той факт, што адразу зарплату прафесара ніхто аспіранту не дасць. Матэрыяльны складнік - гэта, вядома ж, важна. Але прыходзіць ён з часам. Навука - гэта ўсё ж не сфера бізнесу, а перш за ўсё сфера для рэалізацыі таленту і сваіх ідэй.

Народная газета