Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.12.2015

Віншаванне Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэміка Уладзіміра Гусакова з Новым 2016 годам і са святам Нараджэння Хрыстова

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Сыходзіць у гісторыю 2015 год. Год, які прынёс новыя здзяйсненні і адкрыцці, год умацавання заваяваных пазіцый і далейшага развіцця.

Нам ёсць чым ганарыцца. Мінулы год адзначаны значнымі падзеямі ў жыцці краіны і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 2015 годзе адбыліся выбары кіраўніка беларускай дзяржавы. Прэзідэнтам нашай краіны зноў стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які прыярытэтную ўвагу надае развіццю навуковай і інавацыйнай сферы. Акадэмія навук актыўна падтрымала яго кандыдатуру, паколькі адчувае падтрымку ў многіх пачынаннях. Наш выбар – гарант стабільнага і паспяховага развіцця дзяржавы і навукі.

Год, які пайшоў, завяршыў чарговую пяцігодку, з якой было звязана выкананне шэрагу навукова-тэхнічных праграм. Шмат у чым менавіта 2015 год стаў вызначальным у дасягнутых выніках.

Акадэмія навук працягвае ўдасканальвацца. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ствараецца сістэма кластараў (цэнтраў), якія накіраваны на забеспячэнне навукова-тэхналагічнага лідарства Рэспублікі Беларусь, падтрыманне і развіццё нацыянальных навуковых школ па важнейшых напрамках навуковых даследаванняў і распрацовак. Створаныя цэнтры (кластары) дапамогуць больш цесна супрацоўнічаць прадстаўнікам акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, будуць спрыяць мэтанакіраванаму і сістэмнаму падыходу да вырашэння маштабных дзяржаўных задач і рэалізацыі прарыўных навуковых праектаў сусветнага парадку.

У 2015 годзе зроблены буйныя крокі наперад па карэнных напрамках. Мы пашырылі міжнародныя кантакты, дапоўнілі іх новымі пагадненнямі, дамовамі, кантрактамі. Дэлегацыі арганізацый Акадэміі навук Беларусі накіроўваліся ў розныя куткі свету. Прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў, і асабліва маладыя вучоныя, былі пераможцамі і прызёрамі шматлікіх прэстыжных міжнародных конкурсаў у розных намінацыях. Маштабная выстава дасягненняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая прайшла ў верасні 2015 года, наглядна прадэманстравала магутны патэнцыял і бязмежныя магчымасці акадэмічных навуковых устаноў. Выстава-кірмаш дала адназначны адказ - Акадэмія навук актыўна развіваецца і запатрабаваная грамадствам.

2015-ы адзначаны як год 70-годдзя Вялікай Перамогі. Мы не толькі ўшанавалі подзвіг воінаў, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Вучоныя НАН Беларусі ўмацавалі светлую памяць пра тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, новымі навуковымі працамі, адкрылі раней невядомыя старонкі ваеннай гісторыі.

У адыходзячым годзе Акадэмія навук Беларусі стала цэнтрам маладзёжнай навукі ЕАЭС. Першы Еўразійскі форум маладых вучоных сабраў даследчыкаў з многіх краін свету. У Год моладзі YES-форум і XII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Моладзь у навуцы – 2015” сталі знакавымі падзеямі ў жыцці краіны.

Надыходзячы 2016-ы год ставіць перад беларускай навукай новыя, складаныя задачы. Гэта – павышэнне канкурэнтаздольнасці і навукаёмістасці айчыннай прадукцыі, пошук комплексных навукова абгрунтаваных падыходаў і рашэнняў у прамысловай палітыцы, у галіне імпартазамяшчэння, далейшае ўдасканаленне кіравання навукова-тэхнічнай сферай. Акадэмія павінна прадоўжыць фарміраванне новых тэхналагічных укладаў і забяспечыць прарывы ў галіне тэарэтычных, пошукавых і фундаментальных даследаванняў, завяршыць шэраг практыкаарыентаваных распрацовак. Упэўнены, што навуковыя калектывы паспяхова справяцца з рашэннем пастаўленых задач.

Сёння навука, як ніколі раней, запатрабаваная беларускай эканомікай. Толькі на навуковай аснове, з выкарыстаннем інавацыйных рашэнняў, магчыма выкананне стратэгічных задач духоўна-культурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця суверэннай Беларусі.

Дарагія сябры!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста сардэчна віншую Вас з Новым годам і светлым святам Нараджэння Хрыстова. Дзякую за плённую працу і жадаю кожнаму з Вас здароўя, жыццёвай энергіі і творчых поспехаў!

Няхай у Новым годзе ў Вашым жыцці будзе больш радасных запамінальных падзей. Хай у Вашых дамах будзе дабрабыт, паразуменне, радасць і любоў!

З павагай,
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума
Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі, акадэмік