Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.02.2016

НАН Беларусі і Пакістанская літаратурная акадэмія дамовіліся аб супрацоўніцтве

У рамках выканання Мемарандума аб намерах у галіне навуковага супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Пакістанскай літаратурнай акадэміяй у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы 12 лютага адбылася сустрэча кіраўніцтва і калектыву Інстытута са старшынёй Пакістанскай літаратурнай акадэміі прафесарам, доктарам Мухамедам Касімам Букхіа і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан ў Рэспубліцы Беларусь Масудам Ханам Раджой.

Бакі абмяняліся інфармацыяй аб структуры і дзейнасці Пакістанскай літаратурнай акадэміі і Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, абмеркавалі планы супрацоўніцтва, абмен навуковай і мастацкай літаратурай, адбор твораў класічнай і сучаснай літаратуры для перакладаў на мовы Пакістана і Беларусі.

Як адзначыў Пасол Рэспублікі Пакістан Масуд Хан Раджа: “Вельмі важна для міжнародных адносін, калі вучоныя дзвюх краін ведаюць адзін аднаго, так як афіцыйныя асобы, бюракратыя, палітыка могуць з цягам часу мяняцца, але калі ёсць літаратурны кантакт - гэта застаецца на ўсе часы і стварае глебу для моцных адносін і ўзаемаразумення”.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі І.В. Саверчанка запэўніў гасцей у тым, што “ўсе прапановы, якія сёння прагучалі, будуць глыбока вывучаны і абдуманы”.

Бакі выказалі гатоўнасць да глыбокага і працяглага супрацоўніцтва.