Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.02.2016

Арганізацыі НАН Беларусі бяруць удзел у XXIIІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы

Выдавецкі дом “Беларуская навука” і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі бяруць удзел у XХIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

Выдавецкі дом “Беларуская навука” прадставіў на выставе кнігі з новай серыі “Традыцыйны лад жыцця”, аўтары - этнографы і мастацтвазнаўцы НАН Беларусі. Як адзначыў дырэктар выдавецтва Аляксандр Сташкевіч, серыя раскрывае ўсе бакі жыцця беларускага народа: абрады, рамёствы, кухня, творчасць розных напрамкаў. На бягучы год запланаваны выхад яшчэ дзвюх кніг гэтай серыі. Акрамя таго, на выставе былі прадстаўлены выданні: “Славяне на тэрыторыі Беларусі ў дадзяржаўны перыяд: да 90-годдзя з дня нараджэння Леаніда Давыдавіча Побаля” В. Ляўко, “Беларусь: культурна-цывілізацыйны выбар” А.А. Лазарэвіч, І.Я. Левяш, “Мае Каласавіны” да юбілею М.Мушынскага і многія іншыя праекты Выдавецкага дома. Асобная прэзентацыя была прысвечана трэцяму выданню кнігі “Беларускі народны касцюм”.

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа традыцыйна экспануе свае інфармацыйныя прадукты: манаграфіі, кніжныя каталогі, матэрыялы міжнародных канферэнцый, электронныя выданні, а таксама рэкламную прадукцыю. Сярод экспанатаў выставы гэтага года: манаграфія “Дакументальная пісьменнасць Вялікага Княства Літоўскага (канец XIV - першая трэць XVI ст.)” Аўт. А. І. Груша; каталог выданняў з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі “Бібліятэка акадэміка П. Ф. Глебкі (1905-1969)”; каталогі выданняў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі “Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі”; электронныя рэсурсы на кампакт-дысках “Брэсцкая Біблія: да 450-годдзя выдання”, “Першыя акадэмікі Беларускай акадэміі навук, 1928 г.”, “Прэзідэнты НАН Беларусі” і іншыя выданні.

Фота А. Ермаловіч, газета "Навука"