Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.02.2016

На мерапрыемства, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы запрашае Цэнтральная навуковая бібліятэка ім. Я. Коласа НАН Беларусі

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі арганізуе сустрэчу з вучнямі адной з мінскіх школ і запрашае ўсіх жадаючых на культурна-пазнавальнае мерапрыемства «Дык хто смяецца апошнім?!», прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага вучонага, пісьменніка, паэта, сатырыка, драматурга і перакладчыка Кандрата Крапівы.

Сустрэча адбудзецца 18 лютага 2016 года ў 13:15 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, 1 паверх, п.110).

Да мерапрыемства падрыхтавана кніжная выстава «Хто смяецца апошнім», прысвечаная творчай спадчыне Кандрата Крапівы. Яе экспанатамі стануць найбольш вядомыя кніжныя выданні пісьменніка. Па кнігах будзе магчымасць прайсці ажно сямідзесяцігадовы пісьменніцкі шлях класіка беларускай літаратуры: ад самых першых зборнікаў “Вершы” (1925), “Асцё” (1925), “Апавяданні” (1926), “Біблія : Кніга быція:(Вольны пераклад) (1926), “Байкі” (1927) да сучасных перавыданняў і поўных збораў твораў.

На выставе разам з разнастайнай друкаванай спадчынай дэманструкюцца па-мастацку аформленыя віншавальныя адрасы, сяброўскія шаржы, фотаздымкі, вершы-прысвячэнні з асабістага архіва пісьменніка, які зберагаецца ў ЦНБ НАН Беларусі.

Будзе магчымасць убачыць унікальныя лісты, адрасаваныя Кандрату Крапіве з фронту. Менавіта творчасць пісьменніка дапамагала многім салдатам не губляць бадзёрасць духу, веру ў жыццё і жаданне адпомсціць ворагу трыумфальнай перамогай.

Разам са школьнікамі арганізатары сустрэчы правядуць інтэлектуальныя гульні, квэсты, конкурсы.

На свята роднай мовы, прысвечанае 120-годдзю са дня нараджэння К.Крапівы, запрошаны беларускі пісьменнік Мікола Чарняўскі, які падзеліцца асабістымі ўспамінамі, звязанымі з Кандратам Крапівой, і беларуская паэтка Ніна Галіноўская, якая пазнаёміць публіку са сваімі ўласнымі творамі.

Кантактныя асобы:
(+375 17) 284 14 75 Ніна Камарова, загадчык аддзела абслугоўвання чытачоў
(+375 17) 284 10 31 Кацярына Пракапчук, бібліятэкар аддзела інфармацыйнай і сацыякультурнай дзейнасці