Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.02.2016

4 праекты НАН Беларусі перамаглі ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі”

У НВЦ “БелЭкспа” завяршыўся фінальны этап рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” па выніках 2015 года, які ўпершыню праходзіў у фармаце “Шоу тэхналогій: выстава маладзёжных інавацый”. Арганізатар конкурсу - Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Конкурс праводзіць адбор лепшых праектаў у розных сферах, якія маглі б быць карысныя для грамадства і служыць для актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.

Перамогу ў конкурсе атрымалі праекты арганізацый НАН Беларусі ў наступных намінацыях:

Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць - Алена Далгова і Юрый Шашко РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” за “Распрацоўку высокадакладнага метаду ідэнтыфікацыі відавога і расавага саставу фітапатагенаў”.
Кароткае апісанне: Вызначэнне рас аблігатных паразітаў да гэтага часу можна было зрабіць ці на гатунках-дыферэнцыятарах на працягу вегетатыўнага сезону, або з дапамогай ПЦР-аналізу. Прапанаваны метад значна хутчэйшы, чым вызначэнне на інфекцыйных фонах, і на парадак танней, чым ПЦР-аналіз.

Біятэхналогіі. Хімічная і харчовая прамысловасць - Аляксей Кляцкоў, малодшы навуковы супрацоўнік, аспірант ДНУ «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі» за распрацоўку “Карысныя прадукты на аснове 4-хлорізатыязолаў”.
Кароткае апісанне: Укараненне ў практычнае выкарыстанне і наступнае наладжванне маштабнай вытворчасці 4-хлорізатыязолаў. Атрыманы перспектыўныя злучэнні, маюцца першапачатковыя даныя аб іх біялагічнай актыўнасці; атрыманы даныя аб высокай актыўнасці распрацаваных каталізатараў. Працягваюцца даследаванні, накіраваныя на паляпшэнне існуючых прэпаратыўных методык і сінтэз новых карысных злучэнняў.

Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць - Аліна Марышава, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі высокіх ціскаў ДНУ «Фізіка-тэхнічнага інстытута» НАН Беларусі за “Унікальны спосаб штампоўкі ключавых дэталяў калайдара”.
Кароткае апісанне: Стварэнне ў Беларусі канкурэнтнага, энергаэфектыўнага і эканамічна выгаднага спосабу вырабу дэталей паскаральніка, які дазволіў бы атрымліваць якасныя вырабы, якія адпавядаюць патрабаваным характарыстыкам.

Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка і тэхналогіі - Аляксандра Зураева, Будзевіч Уладзіслаў, Жур Хрысціна, ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі» за “Даследаванне генатыпу пацыента для вызначэння паспяховасці лячэння сардэчна-сасудзістай паталогіі лекавымі прэпаратамі варфарын і клапідагрэл”.
Кароткае апісанне: Зніжэнне смяротнасці і паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў, якія перанеслі сардэчна-сасудзістыя захворванні, з дапамогай прагназавання эфектыўнасці тэрапіі прэпаратамі "Клапідагрэл" і "Варфарын".

Фота А. Ермаловіч, газета "Навука"