Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.03.2016

Прадстаўнік НАН Беларусі прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь за пяць гадоў

30 сакавіка ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Вынікі інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь за пяць гадоў. Перспектыўныя напрамкі на наступны перыяд”. У мерапрыемстве прыняў удзел Іван Фёдаравіч Салановіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйна-вытворчай дзейнасці апарату НАН Беларусі, а таксама прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У сваім дакладзе І.Ф. Салановіч расказаў пра ролю НАН Беларусі ў інавацыйным развіцці краіны і прывёў наступныя факты: агульны аб’ём работ, выкананых НАН Беларусі за 2015 год склаў 4,723 трлн. руб., з якіх 2,324 трлн. руб. - інавацыйная дзейнасць. За кошт пазабюджэтных крыніц было выраблена прадукцыі на 3,178 трлн. руб. (67,3% - ад агульнага аб'ёму выкананых работ).

”Што датычыцца навуковых даследаванняў - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з’яўляецца заказчыкам усіх 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, якія выконваліся ў гэтую пяцігодку ў краіне”, - адзначыў І.Ф. Салановіч. Акрамя навуковай працы НАН Беларусі актыўна займаецца навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі. “У 2015 годзе выконваліся 23 навукова-тэхнічныя праграмы, па 8 з якіх НАН Беларусі выступала дзяржаўным заказчыкам. У рамках дадзеных дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм НАН Беларусі было выпушчана прадукцыі на 2,286 млрд. дол. ЗША, з якіх на 2,277 млрд. долараў ЗША - па распрацоўках НАН Беларусі” - прывёў даныя начальнік Галоўнага ўпраўлення.

Таксама начальнік Галоўнага ўпраўлення навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйна-вытворчай дзейнасці апарату НАН Беларусі коратка азнаёміў журналістаў са створанымі на працягу 2011-2015 гг. інавацыйнымі вытворчасцямі на базе НАН Беларусі. Усяго за гэты час было створана 49 інавацыйных вытворчасцей.