Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.03.2016

Вучоныя-аграрыі правялі прэс-канферэнцыю на тэму “Удзел вучоных-аграрыяў у падрыхтоўцы і правядзенні пасяўной кампаніі 2016”

29 сакавіка 2016 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Удзел вучоных-аграрыяў у падрыхтоўцы і правядзенні пасяўной кампаніі 2016”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Дзмітрый Лужынскі - намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве”, Вадзім Маханько - намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП “НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве” і Дзмітрый Комлач - намеснік генеральнага дырэктара па ўкараненні і выпрабаваннях РУП “НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі”.

Як расказаў журналістам намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробстве” Дзмітрый Лужынскі, азімыя збожжавыя практычна па ўсёй Беларусі перазімавалі без страт. “Што тычыцца азімых збожжавых культур, то можна сказаць, што гэта быў адзін з лепшых гадоў за апошнія пяць гадоў па ўмовах перазімоўкі. Практычна на ўсёй плошчы яны захаваліся без страт, толькі нязначныя плошчы прамоклі і, магчыма, іх варта перасеяць”, - растлумачыў вучоны.

Намеснік генеральнага дырэктара па ўкараненні і выпрабаваннях РУП “НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі” Дзмітрый Комлач паведаміў прадстаўнікам СМІ, што, па ацэнцы вучоных, гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавой пасяўной кампаніі ў Беларусі складае каля 90%. “У шэрагу абласцей ужо ідзе пасяўная кампанія, але застаюцца яшчэ рэгіёны, дзе ёсць адставанне па гатоўнасці тэхнікі. У цэлым гатоўнасць сельгастэхнікі складае практычна 90%”, - адзначыў Дзмітрый Комлач.

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП “НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве” Вадзім Маханько расказаў на прэс-канферэнцыі, што ў цяперашні час Беларусь і Сахалін вядуць перагаворы аб пастаўках 300 т. Беларускай насеннай бульбы. “Наша насенная бульба пастаўляецца з нядаўняга часу на Сахалін. Ужо аплачана 150 т. гатунку “брыз”. Вядуцца перагаворы аб пастаўках яшчэ 300 т. Гэта зноў жа будуць беларускія гатункі, створаныя ў нашым НПЦ”, - растлумачыў Вадзім Маханько. Акрамя таго, Беларусь пасля 25-гадовага перапынку вярнулася са сваёй насеннай бульбай у Грузію.