Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.04.2016

Дэлегацыя НАН Беларусі прымае ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 150-годдзю Румынскай акадэміі

З 3 па 6 красавіка 2016 года паводле запрашэння кіраўніцтва Румынскай акадэміі ў г. Бухарэсце (Румынія) знаходзіцца дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале з першым намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікам Сяргеем Чыжыкам. Мэта візіту - удзел у мерапрыемствах з нагоды 150-годдзя Румынскай акадэміі *. У рамках візіту будуць праведзены перагаворы з кіраўніцтвам Румынскай акадэміі аб перспектыўных напрамках і механізмах пашырэння беларуска-румынскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Запланаваны сустрэчы з Прэзідэнтам Румынскай акадэміі, акадэмікам Іанелам Валянцінам Уладам.

Ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 150-годдзю Румынскай акадэміі, прымуць удзел дэлегацыі вядучых навуковых цэнтраў і Акадэмій навук многіх краін. Плануецца, што ў юбілейным мерапрыемстве прыме ўдзел Прэзідэнт Румыніі Клаус Йаханіс.

У цяперашні час узаемадзеянне НАН Беларусі з Румынскай акадэміяй грунтуецца на Пагадненні аб навуковым супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Румынскай акадэміяй, падпісаным у верасні 2008 года. Дзейнічае таксама Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў (БРФФД) і Румынскай акадэміяй, заключаны 23 верасня 2009 года. Па лініі БРФФД праведзена 4 сумесных конкурсы. Прафінансавана 29 праектаў (5 - па аграрна-біялагічных навуках, 11 - па гуманітарных, 2 - па тэхнічных і 11 - па фізіка-матэматычных навуках). Найбольшую актыўнасць па ўдзеле ў конкурсах праявілі Інстытут фізікі НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве, Інстытут пладаводства НАН Беларусі, Інстытут філасофіі НАН Беларусі, Гомельскі дзяржуніверсітэт. Навуковыя напрамкі конкурсаў: матэматыка, механіка і інфарматыка; фізіка і астраномія; хімія; біялагічныя і медыцынскія навукі; навукі аб Зямлі; інфармацыйныя тэхналогіі і вылічальныя сістэмы; фундаментальныя асновы інжынерных навук; навукі пра чалавека і грамадства.

* Румынская Акадэмія (рум. Academia Romana) - вышэйшая навуковая ўстанова Румыніі, якая ахоплівае навуковыя, мастацкія і літаратурныя галіны дзейнасці. Акадэмія была заснавана ў 1866 годзе, як Румынскае літаратурнае таварыства. У 1867 годзе літаратурнае таварыства было пераназвана ў Румынскае акадэмічнае таварыства, а ў 1879 годзе стала называцца Румынскай акадэміяй.