Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.04.2016

Geely Motors LLC, Bureau Veritas Automotive Product SBU і Аб’яднаны інстытут машынабудавання дамовіліся аб стварэнні сумеснага прадпрыемства

31 сакавіка 2016 г. генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Сяргей Поддубка па запрашэнні дырэктара аддзела маркетынгу і прадукцыі Міжнароднай карпарацыі Geely Чжэн Венда прыняў удзел у Нарадзе па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне сертыфікацыі аўтамотатэхнікі (г. Масква).

У час сустрэчы з Ніклам Лоу, генеральным дырэктарам па амалагацыі Bereau Veritas Automotiv Prodact SBU, і Лай Юньцзянам, менеджарам Geely Motors LLC па міжнародным гандлі, абмеркаваны пытанні:
- сертыфікацыя праектаў Geely ў 2016-2017 гадах;
- ацэнка рэсурсаў і магчымасцей дзяржаў-членаў Мытнага Саюза;
- сертыфікацыя і тэсціраванне праектаў BELGEE CKD для лакалізацыі кампанентаў і правядзення работ па выпрабаваннях камплектнага аўтамабіля;
- далейшае супрацоўніцтва па стварэнні сумеснага прадпрыемства для правядзення работ па выпрабаваннях.

Вынікам сустрэчы стала падпісанне Пратакола Нарады аб стварэнні сумеснага прадпрыемства Technical Service Body (Орган па тэхнічным абслугоўванні) для правядзення работ па выпрабаваннях камплектнага аўтамабіля на базе Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі з удзелам Geely Motors LLC і Bereau Veritas Automotiv Prodact SBU.

Пратаколам прадугледжана афармленне і рэгістрацыя сумеснага прадпрыемства, а таксама распрацоўка стратэгіі і плана дзеянняў на 2016 год.