Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.04.2016

НАН Беларусі і Белтэлерадыёкампанія прадстаўляюць новы навукова-папулярны праект "Навукаманія"

Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі прадстаўляюць новы навукова-папулярны праект “Навукаманія”. Праграма падрыхтавана спецыяльна для тэлеканала “Беларусь 3”. Праграма “Навукаманія” будзе выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3” штотыдзень па чацвяргах у 17:40.

Першы выпуск выйдзе ў эфір 7 красавіка.

“Навукаманія” стане пропускам гледачоў у свет навуковых адкрыццяў, вынаходстваў і новых тэхналогій. Як уладкованы наш свет, як працуюць тэхналогіі, як ствараюцца рэчы, якія нас акружаюць, - пра ўсё гэта гледачы даведаюцца з “Навукаманіі”. Разам з тым, галоўная мэта праграмы - папулярызацыя беларускай навукі.

Кожны выпуск праграмы будзе прысвечаны адной-двум цэнтральным тэмам, пра якія раскажа вядучы ў студыі і спецыяльна запрошаныя госці: аўтарытэтныя вучоныя, супрацоўнікі Акадэміі навук, кіраўнікі навуковых інстытутаў і іншыя. Тэлегледачы таксама ўбачаць спецыяльныя тэматычныя рэпартажы з розных навуковых устаноў.

Тэмы першых выпускаў: праблемы змянення клімату, генетыка чалавека, лекі новага пакалення, акадэмічная фізічная навука - эканоміцы краіны, таямніцы чалавечага мозгу, прамысловыя біятэхналогіі.

Вядучая праграмы - Кацярына Бірэцкая.