П.А. Віцязь праінфармаваў журналістаў аб стварэнні Агенцтва касмічных даследаванняў, якое адказвае за рэалізацыю мерапрыемстваў па вядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне, а таксама за эксплуатацыю і мадэрнізацыю існуючых сістэм і распрацоўку планаў і задач па стварэнні новага спадарожніка. Кіраўнік апарата НАН Беларусі адзначыў, што касмічная галіна з’яўляецца лакаматывам для развіцця многіх іншых сумежных галін навукі.
А.В. Тузікаў расказаў аб саюзнай праграме “Маніторынг СД”, у рамках якой запланавана 22 сумесных з расійскім бокам праекты, у тым ліку па стварэнні новай апаратуры для касмічных апаратаў, новых матэрыялаў для выкарыстання ў космасе, апрацоўцы даных, якія атрымліваюцца па касмічнай праграме. Генеральны дырэктар АІПІ згадаў аб стварэнні гіперспектральнай апаратуры, якая дазволіць камбінаваць даныя, што атрымліваюць у розных спектральных дыяпазонах - гэтая работа вядзецца на прадпрыемстве “Пеленг”. АІПІ ўдзельнічае ў апрацоўцы даных, якія атрымліваюцца з беларускага спадарожніка па маніторынгу ляснога фонду, ацэнцы пажаранебяспекі, ацэнцы дэградацыі зямель і інш.
С.А. Залатой праінфармаваў аб стане беларускага спадарожніка і планах па новых распрацоўках у гэтай галіне. Праведзены маніторынг зносу вузлоў дзеючага беларускага касмічнага апарата паказаў, што ён яшчэ прыдатны для эксплуатацыі як мінімум да канца 2018 года, што перавышае раней разлічаныя паказчыкі. У НІРУП “Геаінфармацыйныя сістэмы” ўжо назапашаны даныя здымкі 83 км2 млн. зямной паверхні па ўсім зямным шары. Маюцца планы па распрацоўцы апарата, які будзе атрымліваць здымкі з распазнаваннем менш за 1 метр.