Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.04.2016

Вынікі візіту дэлегацыі НАН Беларусі ў Румынію

Дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале з першым намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргеем Чыжыкам наведала Бухарэст (Румынія) для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды 150-годдзя Румынскай акадэміі (3-6 красавіка 2016 года).

У рамках візіту дэлегацыяй НАН Беларусі праведзены перагаворы з кіраўніцтвам Румынскай акадэміі аб перспектыўных напрамках і механізмах пашырэння беларуска-румынскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, праведзена прэзентацыя навукова-тэхнічных распрацовак НАН Беларусі. Таксама абмяркоўваліся вынікі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і магчымыя напрамкі яго пашырэння з кіраўнікамі вядучых навуковых цэнтраў, у тым ліку Акадэмій навук, шэрагу еўрапейскіх краін, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах. З прадстаўнікамі кіраўніцтва замежных акадэмій навук сустрэліся Прэзідэнт Румыніі Клаус Йаханіс, Прэм’ер-міністр Румыніі Дачыян Чолаш, кронпрынцэса Румынская Маргарыта, Міністр адукацыі і навуковых даследаванняў Румыніі Адрыян Курай і іншыя.

Узаемадзеянне НАН Беларусі з Румынскай акадэміяй сёння грунтуецца на Пагадненні аб навуковым супрацоўніцтве, падпісаным у верасні 2008 года, а таксама на Пагадненні аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі, Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў і Румынскай акадэміяй, заключаным у верасні 2009 года. З моманту падпісання Пагадненняў па лініі БРФФД праведзена 4 сумесных конкурсы, прафінансавана 29 праектаў. Тэматыка разнастайная: ад матэматыкі і фізікі да навукі пра чалавека і грамадства. У цяперашні час 18 праектаў, пададзеных на чацвёрты сумесны конкурс, праходзяць дзяржаўную навуковую экспертызу. Найбольшую актыўнасць па ўдзеле ў конкурсах сярод арганізацый НАН Беларусі праявілі Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава, НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве, Інстытут пладаводства, Інстытут філасофіі.