Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.04.2016

Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі адкрывае летні сезон

24 красавіка (нядзеля) 2016 года адбудзецца адкрыццё летняга сезону 2016 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі. З’яўляючыся помнікам прыроды рэспубліканскага значэння і ландшафтнай архітэктуры другой паловы ХХ стагоддзя, Цэнтральны батанічны сад круглы год радуе мінчан і гасцей сталіцы сваімі прыгажосцямі і застаецца любімым месцам адпачынку ў любую пару года. Аднак асабліва прыгожы Батанічны сад вясной, калі зацвітаюць прымулы, цюльпаны, гіяцынты, нарцысы. Сярод кустоўя адкрываюць сезон гамамеліс віргінскі, фарзіцыя еўрапейская. Вас чакае ні з чым не параўнальнае цвіценне сакуры, магноліі Кобус і зорчатай, чаромхі Маака, глогу згладжанага і многіх іншых цікавых раслін.

На летні сезон 2016 года ў Батанічным садзе запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў і свят, сярод якіх “Дзень Перамогі”, “Тыдзень бэзу”, “4-ы адкрыты чэмпіянат па фларыстыцы “Васільковая карона”, “Дзень Руж”, “Дзень Незалежнасці”, фальклорнае свята “Купалле”.

Уваход на ландшафтную зону батанічнага саду платны. Кошт уваходнага білета (поўны) - 60 000 бел. рублёў, ільготнага білета (навучэнцы, студэнты, пенсіянеры, ваеннаслужачыя) – 30 000 бел. рублёў.

Даведкі па тэл. 292-69-15