Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.05.2016

Падпісаны пратакол па выніках візіту Прэзідэнта Акадэміі навук Туркменістана ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі

10 мая 2016 года Нацыянальную акадэмію навук Беларусі наведаў Прэзідэнт Акадэміі навук Туркменістана М.Х. Ашырбаеў. У ходзе візіту адбыліся перагаворы Прэзідэнта АНТ са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусаковым. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі праінфармаваў госця аб прыярытэтных напрамках дзейнасці арганізацый НАН Беларусі і вылучыў галіны, найбольш перспектыўныя для сумеснай навукова-вытворчай дзейнасці. Прэзідэнт АНТ М.Х. Ашырбаеў праінфармаваў беларускі бок аб прыярытэтных напрамках дзейнасці арганізацый АНТ і прапанаваў шэраг перспектыўных напрамкаў для сумеснай працы.

У ходзе перагавораў бакі адзначылі значны патэнцыял для пашырэння навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння НАН Беларусі і АНТ з мэтай далейшага развіцця шэрагу галін эканомікі дзвюх дзяржаў і намецілі супрацоўніцтва па наступных напрамках: рэалізацыя сумесных праектаў на аснове падпісаных пагадненняў паміж арганізацыямі АНТ і НАН Беларусі, забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання створанай сумеснай лабараторыі па засваенні прадукцыі малатанажнай хіміі ІХНМ НАН Беларусі і ІХ АНТ, праходжанне падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для арганізацый АНТ на базе НАН Беларусі. У якасці прыярытэтных напрамкаў сумесных даследаванняў і распрацовак на бліжэйшую перспектыву бакамі былі прапанаваны: хімія новых матэрыялаў і нанатэхналогіі; біятэхналогіі; тэхналогіі экалагізацыі прыродных сістэм; тэхналогіі для аграпрамысловага сектара.

Па выніках візіту Прэзідэнт АНТ М.Х.Ашырбаеў адзначыў унікальнасць даследаванняў, якія праводзяцца ў НАН Беларусі, па шэрагу напрамкаў, іх вялікую навуковую і прыкладную значнасць, падзякаваў кіраўніцтву НАН Беларусі за аказаны цёплы прыём і выказаў пажаданні распачаць сумесныя намаганні па пашырэнні ўзаемавыгаднай кааперацыі.