Аўтарскі калектыў Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі, які распрацаваў праект “Бэз Перамогі”, стаў лаўрэатам міждзяржаўнай прэміі “Зоркі Садружнасці”. У склад аўтарскага калектыву ўваходзяць трое вучоных НАН Беларусі: доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, загадчык аддзела біяхіміі і біятэхналогіі раслін Уладзімір Рашэтнікаў, доктар біялагічных навук, дацэнт, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктар Цэнтральнага батанічнага саду, загадчык лабараторыі біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў Уладзімір Ціток і кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчыца лабараторыі прыкладной біяхіміі Алена Спірыдовіч.
Праект “Бэз Перамогі” прадугледжвае закладку ў гарадах-героях алей і экспазіцый з калекцыйных гатункаў бэзу, названых у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны і месцаў вялікіх бітваў. Для праекта, які рэалізуецца з 2011 па 2018 год, адабраны лепшыя гатункі бэзу, створаныя ў лабараторыях з ужываннем клеткавых біятэхналогій. Працу вучоных высока ацанілі селекцыянеры ўсяго свету.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбудзецца 11 чэрвеня ў Мінску ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.
БЕЛТА