Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.05.2016

Калектыў беларускіх і сібірскіх вучоных стаў лаўрэатам прэміі імя акадэміка В. А. Капцюга 2016 года

Калектыў беларускіх і сібірскіх вучоных стаў лаўрэатам штогадовай прэміі імя акадэміка Валянціна Капцюга за цыкл прац “Аптычная спектраскапія і электронная структура нанаструктур Ge / Si з малекуламі з квантавых кропак Ge”. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі 27 мая 2016 года.

Сярод лаўрэатаў з беларускага боку - супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве: Аляксандр Мудры - галоўны навуковы супрацоўнік, кандыдат фізіка-матэматычных навук і малодшы навуковы супрацоўнік Вадзім Жывулька.

З расійскага боку пераможцамі сталі вучоныя федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі “Інстытут фізікі паўправаднікоў імя А.В.Ржанова Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук”: Анатоль Двурэчанскі - намеснік дырэктара па навуковай рабоце, член-карэспандэнт РАН, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, доктар фізіка-матэматычных навук, Уладзімір Зіноўеў - старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат фізіка-матэматычных навук і Жанна Смагіна - навуковы супрацоўнік дадзенага Інстытута, кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Вучоныя двух навуковых арганізацый з Расіі і Беларусі маюць вялікі вопыт у даследаванні фізічных уласцівасцей паўправаднікоў і розных структур, якiя ствараюцца на іх аснове, што спрыяла паспяховаму выкананню сумесных праектаў. Серыя навуковых прац, прадстаўленых на атрыманне прэміі, звязана са стварэннем новага тыпу германій-крамянёвых нанаструктур Ge / Si з квантавымі кропкамі Ge і комплексным даследаваннем іх фізічных уласцівасцей. Такія нанаструктуры вельмі неабходныя для стварэння эфектыўных святловыпрамяняльных матэрыялаў, якія працуюць пры пакаёвых тэмпературах, і развіцця крамянёвай оптаэлектронікі.

Прэмія імя акадэміка Валянціна Афанасьевіча Капцюга (1931-1997), выдатнага вучонага, акадэміка Расійскай акадэміі навук, віцэ-прэзідэнта Расійскай акадэміі навук, старшыні Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі заснавана ў 1998 г. з мэтай заахвочвання даследчыкаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі за дасягненне выдатных вынікаў пры выкананні сумесных навуковых даследаванняў у рамках міждзяржаўных праграм, а таксама за сумесныя навуковыя працы, якія маюць важнае значэнне для навукі і практыкі.

Прэмія (адна) прысуджаецца штогод па чарзе Прэзідыўмамі НАН Беларусі і СА РАН.

У бягучым годзе конкурс праведзены Прэзідыумам НАН Беларусі.