У творчай імпрэзе прымуць удзел: літаратуразнаўцы Міхась Мушынскі, Міхась Тычына, Вячаслаў Рагойша, Пятро Васючэнка, Ірына Багдановіч, унук К.Чорнага, перакладчык Мікола Раманоўскі, дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах Людміла Ніжэвіч, пісьменнікі Кастусь Цвірка, Анатоль Бутэвіч, Васіль Зуёнак, дырэктар БДАМЛiМ Ганна Запартыка, народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Віктар Манаеў, бард Алесь Камоцкі.
У юбілейным выданні, аб’ёмам 500 старонак, сабраны ўспаміны, артыкулы, эсэ, інтэрв’ю родных і блізкіх класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, яго сяброў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, дзеячаў мастацтва. Канцэптуальна кніга складаецца з пяці раздзелаў. Першы прысвечаны сям’і і роду Раманоўскіх, другі ўключае ўспаміны пра К.Чорнага яго сучаснікаў, трэці – погляд літаратуразнаўцаў розных пакаленняў на творчасць класіка, чацвёрты – мемуарная і эпісталярная спадчына пісьменніка, пяты – ушанаванне яго памяці. Упершыню друкуецца некалькі ўнікальных матэрыялаў з сямейнага архіва пісьменніка, а таксама лісты К.Чорнага з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Да імпрэзы супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі выставу “Кузьма Чорны. Маштабнасць прозы і талент чалавечнасці”.