Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.06.2016

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў выступіў на V Усебеларускім народным сходзе

23 чэрвеня 2016 года старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў выступіў на V Усебеларускім народным сходзе. У выступленні Старшыні Прэзідыума былі закрануты пытанні фарміравання і развіцця новых навуковых напрамкаў, дасягненняў беларускай навукі, інавацыйнай эканомікі, стварэння перадавых навукова-вытворчых карпарацый.

Сёння навука павінна бачыць новыя стратэгіі і задаваць напрамкі развіцця галінам прамысловасці, адзначыў Уладзімір Гусакоў. У краіне ідзе актыўнае фарміраванне навуковай базы новых галін, якія будуць вызначаць эканоміку будучыні.

Сталі актыўна працаваць пошукавыя кластары. На базе больш запатрабаваных распрацовак ідзе збор скразных навукова-вытворчых аб’яднанняў. Адным з такіх прыкладаў з’яўляецца стварэнне Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка “БелБіяград”. Усе дакументы адпрацаваны, прайшлі экспертызу і ўзгоднены. Біятэхналогіі – напрамак, які найбольш бурна развіваецца у свеце, у Беларусі ўжо створана для гэтага добрая інфраструктура, сказаў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня НАН дадаў, што вучоныя працуюць сёння над новым беларускім спадарожнікам дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, зманціравалі першы модуль Беларускай антарктычнай станцыі, асвойваюць новую лінейку суперсучасных шматфункцыянальных беспілотных лятальных комплексаў, адпрацоўваюць 3D-друк для розных сфер навукі і практыкі.

Акадэмія навук Беларусі вядзе навуковае забеспячэнне атамнай станцыі, і вучоныя робяць усё, каб яна адказвала найноўшым навуковым параметрам. Навукова-даследчыя інстытуты працуюць на рашэнне задач станцыі, але трэба стварыць даследчы рэактар для папераджальнай адпрацоўкі ўсіх магчымых сітуацый, дадаў Уладзімір Гусакоў.

Ён адзначыў, што НАН пераўтворыцца ў буйную навукова-вытворчую карпарацыю. Сёння інавацыйныя распрацоўкі перадаюцца для ўкаранення на прадпрыемствах, але і акадэмія сама стварае інавацыйную вытворчасць. У 2015 годзе створана 10 такіх аб’ектаў, у 2016-м ідзе праца над увядзеннем яшчэ 6 вытворчасцей.

Уладзімір Гусакоў дадаў, што пашырыліся міжнародныя сувязі Акадэміі навук, актывізаваліся работы з замежнымі партнёрамі, падтрымліваюцца кантакты з вучонымі больш за 80 краін.

Па інфармацыі БЕЛТА