Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.07.2016

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова з Днём Незалежнасці

Паважаныя калегі, дарагія ветэраны!

Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас з галоўным святам беларускай дзяржаўнасці - Днём Незалежнасці (Днём Рэспублікі). Гэта свята нашай радасці, гонару і мужнасці. Дата 3 ліпеня ўвайшла ў гісторыю Беларусі яркай старонкай гераічнай доблесці франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, якія заваявалі свабоду для свайго народа, адстаялі незалежнасць Радзімы. У ліку тых, хто прымаў удзел у вызваленні беларускіх гарадоў і вёсак ад фашыстаў, было нямала работнікаў Акадэміі навук. А сёння ў арганізацыях НАН Беларусі працуюць іх дзеці і ўнукі. Нашы сучаснікі годна працягваюць традыцыі бессмяротнага подзвігу пакалення вызваліцеляў, бяруць новыя вышыні, дасягаюць новых навуковых здзяйсненняў і ўпэўнена глядзяць у будучыню.

Дзень Рэспублікі – сімвал міру на шматпакутнай беларускай зямлі. Асаблівыя словы падзякі мы выказваем сёння нашым ветэранам, якія вызвалілі сталіцу і краіну ад акупантаў, аднаўлялі рэспубліку і на працягу многіх гадоў умацоўвалі яе магутнасць і дабрабыт. Гэты подзвіг мае асаблівае значэнне для сучаснай гісторыі, фарміруе грамадзянскую пазіцыю беларускага народа, умацоўвае пачуццё патрыятызму, з’яўляецца прыкладам для моладзі і падрастаючага пакалення.

У нашай краіны – свой, асаблівы шлях развіцця. Знаходзячыся на скрыжаванні Захаду і Усходу, Беларусі было нялёгка захаваць сваю самабытнасць. У той жа час яна ўвабрала ў сябе ўсё лепшае, што прыходзіла па розных напрамках. Яркае пацверджанне гэтаму - мерапрыемствы, якія праходзяць у гэтым годзе, абвешчаным Годам культуры. А адметнымі рысамі беларускай культуры заўсёды выступалі глыбокія гістарычныя традыцыі і ўзаемная павага дасягненняў розных народаў, што пражываюць тут. Беларусь таксама не прымае любыя формы варожасці на рэлігійнай або этнічнай глебе.

Сёння дасягненні айчыннай навукі вядомы далёка за межамі краіны. Да нас з цікавасцю едуць замежныя госці з прапановамі аб супрацоўніцтве. І лік дэлегацый расце з кожным годам. Згодна з міжнародным рэйтынгам Good Country Index-2016 самы вялікі ўклад у глабальны сусветны дабрабыт Рэспубліка Беларусь уносіць у навуцы і тэхналогіях. Гэта - прызнанне вынікаў нашых вучоных, адданых, зацікаўленых, якія аддаюць сябе любімай справе.

3 ліпеня – дзень, які аб’ядноўвае і згуртоўвае беларусаў. 72 гады таму Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты тэрмін вельмі малы ў гістарычным маштабе, але вельмі важны для яго асэнсавання. Мы даказалі сваё адзінства, пабудавалі адзіную супольнасць і заможную эканоміку, якая і надалей дзякуючы нашым сумесным намаганням будзе развівацца для забеспячэння годнага ўзроўню жыцця кожнага беларуса.

Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і дабрабыту.

Са святам вас, дарагія ветэраны і калегі!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі